Золата і бронза – у нашых хлебапёкаў

Экономика

Рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2010” праходзіў сёлета на працягу двух жнівеньскіх дзён у сталіцы нашай Радзімы – горадзе Мінску. У ім прынялі ўдзел 29 прадпрыемстваў Белкаапсаюза, якія прадставілі 98 узораў прадукцыі. Найбольш шырока – 61 узор – прадукцыя спажывецкай кааперацыі была прадстаўлена ў намінацыі “Хлебабулачныя абагачаныя і дыетычныя вырабы”. З іх чатыры ўзоры – хлеб “Раніца”, батон “Сіла”, хлеб белы “Акадэмічны новы” і вітушка “Расінка”– падрыхтавалі да конкурсу работнікі Хойніцкага хлебазавода.

Усяго на агляд было прадстаўлена 325 узораў прадукцыі прадпрыемства Мінскхлебпрама, Дэпартамента па хлебапрадуктах, Белкаапсаюза, кандытарскіх фабрык “Слодыч”, “Спартак”. Канкурэнцыя, як бачна, была сур’ёзная. Тым больш прыемна канстатаваць, што прадпрыемства нашага горада ўдастоена самых высокіх узнагарод конкурсу. На райспажыўтаварыства, вобразна кажучы, абрушыўся сапраўдны россып з медалёў рознай пробы.
Варта зазначыць, што  з чатырох прадстаўленых узораў тры выйшлі пераможцамі. Залатога медаля АСП “Каапнарыхтпрам” райспажыўтаварыства ўдастоены за батон “Сіла” і вітушку “Расінка”, бронзавага – за хлеб акадэмічны “Новы”.
– Гэта вялікі якасны поспех нашых хлебапёкаў, – гаворыць старшыня праўлення райспажыўтаварыства Н.У. Тараева (на здымку). – Хачу выказаць словы шчырай удзячнасці тым людзям, якія дабіліся яго. Гэта, у першую чаргу, начальнік аддзела якасці, стандартызацыі і сертыфікацыі райспажыўтаварыства Валянціна Андрэеўна Табанькова і інжынер-тэхнолаг хлебазавода Лідзія Паўлаўна Баброва. Выпечкай узораў хлебабулачных вырабаў, прадстаўленых на конкурс, займалася змена майстра Зінаіды Аляксандраўны Чупрынавай у складзе цеставода Веры Валер’еўны Паздзеевай, пекараў Алены Аляксандраўны Аляксеевай і Ніны Мікалаеўны Петрушэнкі, фармоўшчыцы Алены Пятроўны Белавус, мукасея Мікалая Аляксандравіча Скуранка.

Гэтыя высокія ўзнагароды дадаліся да атрыманага  райспажыўтаварыствам сёлета Ганаровага Знака Гомельскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў і абласнога прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі ў намінацыі “За высокія дасягненні ў галіне якасці і вытворчай дзейнасці”.



Тэкст і фота Клаўдзіі БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *