Узгадваючы дзяцінства


28 верасня ў межах сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Мінімізацыя наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” на Гомельшчыне былі адкрыты тры адноўленыя аб’екты. Гасцямі мерапрыемстваў сталі Часовы Павераны ў справах Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Бернардус Брук, начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення  МНС  Рэспублікі Беларусь Ю.В. Парфенянкоў, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская.

Мерапрыемствы пачаліся з урачыстага адкрыцця ў Хойніках пераабсталяванага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
У рамках праекта была набыта мэбля для кабінетаў і спецыяльнай групы, поўнасцю заменена мэбля ў спальным пакоі, набыта абсталяванне для карэкцыйнай і рэабілітацыйнай работы, развіваючыя гульні, спартыўны інвентар. На гэтыя мэты сумесным праектам ЕС/ПРААН было выдзелена амаль 27 мільёнаў рублёў. Да таго ж 10 мільёнаў рублёў на абсталяванне дзіцячай пляцоўкі на вуліцы было выдзелена нямецкімі сябрамі цэнтра з Ломара. На суботніках па пераабсталяванню і добраўпарадкаванню ўдзельнічалі работнікі цэнтра і бацькі выхаванцаў.

Апрануўшы казачныя галаўныя ўборы і адчыніўшы дзверы ў Краіну дзяцінства, госці трапілі на кірмаш. На ім былі прадстаўлены розныя падзелкі, вырабленыя  выхаванцамі цэнтра, а таксама салодкасці, прыгатаваныя матулямі навучэнцаў. Госці пакаштавалі выпечку, купілі лялькі і карціны. Спецыяльная дашкольная група прадэманстравала ігру на музычных інструментах, а госці па меры магчымасці дапамагалі дзеткам.
Разам з Феяй жаданняў госці пісалі свае пажаданні выхаванцам цэнтра і надзімалі паветраныя шары, куды гэтыя пажаданні былі ўкладзены.

Сустрэча з каралём Краіны дзяцінства, танец выхаванцаў дзіцячага сада №1, вершы і песні падарылі ўсім незабыўныя ўражанні. Самыя яркія эмоцыі выклікала запрашэнне паскакаць на чароўным батуце, які, дарэчы, быў набыты за прадастаўленыя сродкі. Замежныя госці з задавальненнем прадэмантравалі свае спартыўныя здольнасці, падскокваючы на батуце разам з дзецьмі.
Пасля майстар-класаў намеснік дырэктара ЦКРНіР Т.М. Цалуйка і выхаванец цэнтра Аляксандр Крукаў падарылі гасцям цудоўны вальс. Пасля гэтага адбыўся запуск шароў у неба. Мерапрыемства прайшло ў вясёлай, эмацыянальна ўзнятай абстаноўцы.

Рэалізацыя гэтай праектнай ініцыятывы стала канкрэтным крокам па паляпшэнню жыцця дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Для таго, каб хутчэй ішло выздараўленне, адаптацыя ў сацыяльнай сферы, каб дзеці не абчувалі сваю абмежаванасць і задумваліся  такія пераўтварэнні.
У гэты ж дзень адбылося адкрыццё дзіцячага сада  № 3 у г. Ветка і базавай агульнаадукацыйнай школы ў вёсцы Пыхань Веткаўскага раёна.



Вольга БЕЛАШ.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *