Матуля са звышздольнасцямі

Людзі і лёсы

dsc_0033Апошнім часам у падлеткаў вельмі модна чытаць коміксы пра супергерояў, ці людзей са звышздольнасцямі. І не здагадваюцца школьнікі, што такія людзі жывуць побач з намі, нават бліжэй, чым думаеш. Не міфічныя гэта істоты, а зусім сапраўдныя, можна сказаць, блізкія. Усе гэтыя словы пра нашых матуль, свята ў гонар якіх адзначалі ўчора.
Тэорыя пра матуліны звышздольнасці лёгка даводзіцца. Возьмем за прыклад хайнічанку Алену Васільеўну Лук’янчык (на здымку). Жанчына некалькі месяцаў назад стала мамай у трэці раз. У старэйшай дачкі Тамары і сына Кірыла з’явілася сястрычка Вікторыя. Даглядаць немаўлятка маці дапамагаюць старэйшыя дзеці. Тым больш сёлета 15-гадовая Тамара стала студэнткай Лоеўскага педагагічнага каледжа – выхаванне сястры яна лічыць і першым настаўніцкім вопытам. Жаночае трыа разбаўляюць тата Міхаіл і першакласнік Кірыл. Жвавы характар хлопчыка не дае ўседзець на месцы нават падчас фотасесіі.
Да выхаду ў дэкрэтны водпуск Алена Васільеўна працавала сацыяльным работнікам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Клапацілася жанчына ажно пра адзінаццаць пенсіянераў. За час работы пажылыя людзі сталі для Алены блізкімі, як і маладая работніца для сваіх падапечных. Хаця неабыякавасць да выканання абавязкаў – у характары гэтага спецыяліста. Гэта адзначае і яе непасрэдны кіраўнік – дырэктар ТЦСАН Г.М. Скачко.
Здаецца, мацярынскі інстынкт маёй гераіні кіруе ва ўсіх сферах жыцця Алены Васільеўны. Вось і доказ: дагледжаны прыватны ўчастак, усё на сваім месцы. Паспявае яна вырошчваць гародніну і ягады, у гэтым дапамагаюць дамачадцы. Знайшлося месца на багатым падворку і любімым ружам. Гаспадыня з гонарам расказвае, што сярод вырашчаных кветак няма ніводнага набытага ў магазіне саджанца. Усе ружовыя кусты – з парасткаў падораных калісьці кветак.
У гаспадарцы Алены Васільеўны – некалькі свінак, разам з мужам вырошчваюць і бычкоў.
Першая працоўная спецыяльнасць Алены Лук’янчык – повар. Шчаслівая тая сям’я, дзе матуля – прафесіянал гэтай справы. Песціць кулінар сваіх блізкіх самаробнымі пірагамі, печывам і іншымі дэлікатэснымі дэсертамі. А на юбілей сваёй матулі, Тамары Іванаўны, Алена зрабіла шыкоўны двух’ярусны торт з салодкім упрыгожаннем.
А зараз пытанне на засыпку. Як, скажыце калі ласка, выхоўваць траіх дзяцей, вырошчваць на сваім агародзе шматлікую зеляніну, дома ўтрымліваць добрабыт і выконваць яшчэ сотню матуліных абавязкаў? Вось і я пакуль не разумею. На гэта Алена сціпла ўсміхаецца і… не дае адказу. Сакрэт, маўляў.
Цікавыя яны, гэтыя супергероі – нашы матулі. Так хочацца, каб ў іх клапатлівым жыцці было больш імгненняў, калі можна вось так загадкава і міла ўсміхнуцца.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *