Міма мала хто праходзіць

Экономика

dsc_0124Гэтыя невялікія, але прыгожыя, сучаснага дызайну збудаванні бачны здалёк і знаёмыя кожнаму жыхару нашага горада. Тут можна набыць многае з таго, што так патрэбна ў паўсядзённым жыцці: перыядычныя і неперыядычныя выданні, касметыку і парфумерыю, дзіцячыя цацкі, нават кандытарскія вырабы… Напэўна, вы ўжо здагадаліся, што размова ідзе аб кіёсках «Гомельаблсаюздруку».
Здавалася б, што ў час імклівага развіцця Інтэрнету папяровыя сродкі масавай інфармацыі будуць паступова губляць сваю значнасць і саступаць дарогу электронным мас-медыя. Магчыма так і будзе надалей, але ж на сённяшні дзень папулярнасць газет і часопісаў у рознічным продажы ніколькі не паменшылася. У гэтым пераканана кіяскёр І.М. Пінчук. Жанчына працуе ў Хойніцкім участку УП «Гомельаблсаюздрук» ужо 6 гадоў і таму ей ёсць з чым параўноўваць.
– Як прадаваліся газеты і часопісы раней, так разыходзяцца яны і зараз, – гаворыць Ірына Міхайлаўна. – Асаблівай папулярнасцю карыстаецца наша раёнка. «Хойніцкія навіны» ніколі не застаюцца, разбіраецца кожны яе нумар. Такой жа папулярнасцю карыстаюцца «Гомельская праўда», «СБ. Беларусь сегодня», «Спортивная панорама», «Прессбол», дзіцячыя газеты, часопісы і тавары для школы і школьнікаў, зборнікі красвордаў і сканвордаў, выданні ў дапамогу рукадзельніцам, садаводам і хатнім гаспадыням, лячэбнікі і траўнікі, календары.
Пытаюся ў субяседніцы: не цяжка працаваць увесь дзень на нагах, ды яшчэ з адным выхадным?
– Спачатку стомленасць давала аб сабе знаць, але потым прызвычаілася. Ды і месца тут бойкае – побач рынак «Юбілейны», людзей заўсёды шмат, ні сумаваць, ні таміцца няма калі, – адказвае І.М. Пінчук.
Зручна і ўтульна ўнутры кіёска. Прызнацца, упершыню заглянуў па той бок кіёска: чыста, светла, на сцелажах усё раскладзена па тэмах: вось дзіцячыя выданні, вось – кулінарныя, гэта – выкрайкі для модніц, а там – газеты і часопісы па народнай медыцыне. У кіёсках устаноўлены кандыцыянеры, так што зімой тут не холадна, а летам не спякотна – толькі працуй!
І, трэба адзначыць, што работніцы хойніцкага ўчастка «Гомельаблсаюздруку» працуюць так, што задаволена іх работай і абласное кіраўніцтва прадпрыемства, і пакупнікі.
dsc_0157Напрыклад, вельмі хваляць жыхары мікрараёна «Юбілейны» Алену Іванаўну Варабей. Працуе яна ў кіёску па вуліцы Калесніка, каля магазіна «Дары ад «Зары». Ветлівая, тактоўныя, заўсёды добразычлівая і абаяльная – так характарызуюць людзі гэтую жанчыну. Зрэшты, такія ж словы можна сказаць пра ўсіх хойніцкіх кіяскёраў. Акрамя І.М. Пінчук і А.І. Варабей, гэта – А.Л. Гарбатая і В.В. Бандарэнка.
А ўзначальвае хойніцкі ўчастак УП «Гомельаблсаюздрук» Алена Іванаўна Карэльская. Пра сваю работу яна гаворыць так:
– У нас склаўся невялікі, але вельмі дружны калектыў. Падтрымліваем адна адну і словам, і справай, дружым нават у нерабочы час, напрыклад, разам саджаем і капаем бульбу, дапамагаем адна адной і ў іншых вялікіх хатніх справах. Лічу, што такая згуртаванасць толькі дапамагае нам у рабоце.
Што датычыць нашага асартыменту, то імкнемся гандляваць тым, што патрэбна пакупнікам: ад так званай «тысячы дробезяў»: запальнічак, клеяў, касметыкі, галантэрэйных вырабаў да набораў пасцельнай бялізны, коўдраў і падушак. І гэта прыносіць свой добры плён, бо рэдка хто праходзіць міма нашых кіёскаў, не зрабіўшы пакупкі. А ў выніку гэта выгадна і нам, і людзям.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *