Як старой ферме ўдаецца абыходзіць нават новыя комплексы?

Сельское хозяйство

img_3476Прызнаюся, да работнікаў Звеняцкоўскай фермы ў мяне асаблівае стаўленне. Заўсёды еду да іх з вялікім жаданнем, бо ведаю, што добразычліва сустрэнуць і шчыра распавядуць, як справы. Ферма гэта старэнькая, але ўпэўнена трымаецца ў ліку лідараў не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ва ўсім раёне. У суткі ад коровы тут у сярэднім атрымліваюць па 17 літраў малака. Як жа ім у адчувальна горшых умовах удаецца «абганяць» па надоях нават сучасныя комплексы?

img_3434Адказ відавочны, сакрэт – у стараннасці людзей. Вы б толькі паслухалі з якой любоўю даяркі расказваюць пра сваіх «падапечных», з якім клопатам адносяцца да кожнай кароўкі.
Амаль два гады фермай кіруе Сяргей Цімафеевіч Мінчык – чалавек надзвычай адказны. Да назначэння на гэту пасаду ён дваццаць гадоў працаваў жывёлаводам, таму «малочныя» справы ведае, як кажуць, ад «а» да «я». У час нашага прыезду брыгадзір старанна занатоўваў пэўныя лічбы ў журналах (дакладны ўлік – гэта вельмі важна) і не выпускаў з рук мабільны тэлефон, пастаянна вырашаючы рабочыя пытанні.
img_3449Адарваўшыся на некалькі хвілін, Сяргей Цімафеевіч адзначыў, што ў яго працавіты і дружны калектыў і абавязкова папрасіў узгадаць у матэрыяле свайго памочніка Ірыну Гапасаву, якая да таго ж з’яўляецца выдатным тэхнікам-асемянатарам.
Усяго на ферме працуе дванаццаць чалавек. Я вельмі рада была бачыць маладую, абаяльную даярку Алесю Філіпчанка. Неаднаразова яна трапляла ў нашу газету, і заўсёды зносіны з ёй пакідалі найлепшыя ўражанні. Гэта шматдзетная маці: выхоўвае траіх дзяцей – Дзіму, Вераніку і Крысціну. Усе яны захапляюцца спортам, часта радуюць бацькоў рознымі ўзнагародамі. Дарэчы, муж Алесі – Аляксандр – таксама працуе тут, на ферме, жывёлаводам. Сям’я трымае немалую хатнюю гаспадарку – свіней, трусоў, каня, качак, курэй. Маміна слабасць – гатаванне ежы, таму родныя яе ласкава называюць «наша Поварёшка». Нават калі мы сядзелі, размаўлялі на ферме, жанчына ўжо планавала, што хутка пойдзе дадому пекчы торты дзецям на школьны кірмаш. Да таго ж, яна вельмі запаслівая гаспадыня – рыхтуе мноства закатак – столькі, што ўжо ў двух склепах не змяшчаюцца. І як толькі ўсё паспявае? Нагадаю, ранішняя дойка тут пачынаецца ў чатыры гадзіны, а вячэрняя – ў восем. Па словах работніцы, варта проста прызвычаіцца да такога графіку і правільна размяркоўваць час.
img_3460Згаджаюцца з гэтым і дзве сястры Алеся і Наталля Каранчук. Яны такія сціплыя, што давялося нямала паўгаворваць, каб згадзіліся сфатаграфавацца. Кажуць, маўляў, дрэнна выходзяць на здымках. На самой справе – нічога падобнага. Галоўнае – усмешка. Зразумела, што ў іх адзенне рабочае і макіяжу амаль няма, але гэта толькі падкрэслівае іх прыродную прыгажосць, бо ў першую чаргу яна ўнутры.
img_3498Жанчыны моцныя духам і фізічна. Ведаеце колькі ўсяго даводзіцца рабіць тым жа самым жывёлаводам: яны і кормяць, і чысцяць, і калі патрэбна нават рамантуюць. З вялікай колькасцю адказных абавязкаў выдатна спраўляюцца Вольга Сачэк, Аляксандр Філіпчанка і Міхаіл Сянько.
img_3516Я наўмысна ў гэтай публікацыі не расказваю аб тэхналогіях даення і кармлення, бо, па-першае, пішам аб гэтым пастаянна, а па-другое, аб тым, што яны захоўваюцца, гавораць самі за сябе паказчыкі. Аб поспехах калектыву сведчаць падарункі, размешчаныя ў бытавым памяшканні – апошні з іх халадзільнік, які быў уручаны звеняцкоўцам за леташнія добрыя вынікі работы. На прыкладзе гэтай фермы хочацца паказаць, што яны, як адна сям’я. Дзе сябруюць, прыходзяць адзін аднаму на дапамогу, стараюцца не падвесці адзін аднаго. І калі настрой у гэтай сям’і добры – вынік будзе такім жа, нягледзячы на любыя цяжкасці.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *