Вялікая радасць Надзежды Стрыжак


У выпускніцы Партызанскай сярэдняй школы Надзежды Іванюценка не было выпускнога вечара. Тады, пасля 26 красавіка 1986 года, усіх вучняў школы вывезлі ў эксбазу “Устье”, што ў Аршанскім раёне.
Перажывалі, хваляваліся  бацька, Аляксандр Васільевіч, і маці, Ганна Іосіфаўна, якія засталіся ў Вялікім Боры:  яна ж адзіная ў сям’і дачка.
Аб тым успомніла яна  больш чым праз дваццаць год на ўрачыстай лінейцы ў той жа школе, якую заканчвала, але ўжо ў якасці маці выпускніка Рамана Стрыжака. Выпускны вечар, дзе традыцыйна шчыра гучаць словы падзякі, – гэта своеасаблівая містэрыя для дзяцей, якія сталі дарослымі. І для іх родных, якія сталі бацькамі дарослых дзяцей. Гэта вечар успамінаў аб мінулым, надзей на будучае, цяперашняе, якое існуе “тут і зараз”. І яна перажывала з сынам гэты момант да канца, прыняла тую мяжу, на якой бацькі адпускаюць дзяцей у самастойнае жыццё гатовых або не гатовых да гэтага. Вельмі  разумела хваляванне сваіх бацькоў у тым далёкім 1986-м.

 Працавала кантралёрам на заводзе “Салют”, потым паступіла ў Мазырскае медыцынскае вучылішча. Атрымаўшы спецыяльнасць медсястры, пачала працаваць у тэрапеўтычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Стала каханай жонкай хлопца з суседняй вёскі Хвойная Паляна Міхаіла Стрыжака. Прыйшло тое  жаноцкае шчасце, якое называецца моцнай дружнай сям’ёй, аб якім марыць кожная. Яно падвоілася, патроілася з нараджэннем першынца Рамана, а праз год і тры месяцы – другога сына, Аляксандра.

Малыя дзеці – малыя клопаты, гавораць у народзе. Тут не ў кошт бяссонныя ночы над калыскай. Галоўнае, каб дзеці былі накормленымі, не хварэлі. А вось дзіця ўжо ходзіць, але не проста ходзіць, усё спрабуе, даследуе. Потым пачынае гаварыць першыя словы, размаўляе. І не проста размаўляе, а задае пытанні. У школе, медвучылішчы не вучылі педагогіцы. Затое ў кожнай жанчыны на генным узроўні свая, мацярынская педагогіка. Галоўнае, лічыць Надзежда Аляксандраўна, выхаваць чалавечнасць, каб цанілі працу сваю і другіх людзей.
Муж і жонка Стрыжак ужо тады трымалі вялікую  гаспадарку. Без гэтага ў вёсцы проста нельга. Падрастаючы, сыны станавіліся памочнікамі. Убраць у доме, памыць посуд, самастойна прыгатаваць сабе паесці, калі  бацькоў няма дома. А там і касіць, баранаваць, секчы дровы, хадзіць за плугам навучыліся.

Не абыходзілася і без маленькіх свавольстваў. У вёску на лета да бабуль і дзядуль прыязджалі ўнукі. Сярод іх  былі і такія, што пакурвалі. Спакусілі і Рому з Сашам паспрабаваць. Ды хіба ўтоіш пах тытунёвы? Была кароткая сур’ёзная размова з сынамі, якая выклікае не страх пакарання,  а пачуццё сораму. Ніколі хлопцы больш  не ўзялі ў рукі цыгарэту.
Гавораць, адно дзіця ў сям’і – сірата, а два садзейнічаюць пагаршэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. І хіба гэта не цуд для сыноў, калі ёсць маленькая сястрычка? Мілая ўсмешка, як званочак, непасрэднасць паводзін. А чаго каштуюць яе пацалункі і абдыманкі?!  А яшчэ лепш, калі дзве сястрычкі, як у Рамана і Аляксандра. Старэйшая Насця ў наступным годзе пойдзе ў першы клас, азбуку ўжо ведае, а пяцігадовую Машу яшчэ два гады ў садзік Велікаборскі вазіць будуць. Два гады назад абедзве дома знаходзіліся, сыны нянькамі і выхавальнікамі былі, бо Надзежда Аляксандраўна выйшла на працу па просьбе адміністрацыі ЦРБ, калі малодшанькай было ўсяго тры месяцы.

Сёння Раман –  студэнт ІІІ курса  дзяржаўнага ўніверсітэта імя Сухога ў г. Гомелі, атрымлівае стыпендыю, а Аляксандр вучыцца ў вучылішчы хімікаў. У канцы тыдня, як правіла, прыязджаюць дадому. Не толькі і не столькі каб запасціся правіянтам, а дапамагчы бацькам па гаспадарцы. Іх кліча і заўсёды будзе клікаць цяпло  роднага дома. Для Міхаіла Афанасьевіча і Надзежды Аляксандраўны Хвойная Паляна, у якой зараз жыве ўсяго 50 чалавек, ды і тыя састарэлага ўзросту, – не глухамань. Яшчэ свежыя ў памяці тыя часы, калі вёска поўнілася маладымі галасамі. Тут яны пабудавалі шчаслівую, дружную і шаноўную вяскоўцамі сям’ю. Прыходзяць на ФАП да доктаркі дзядулі і бабулі не толькі каб ціск памерала, сэрца паслухала, пілюль прапісала – часцей за жыццё пагаварыць. З праблемамі сваімі звяртаюцца, бо чацвёртае скліканне запар Надзежда Аляксандраўна з’яўляецца дэпутатам Велікаборскага сельскага Савета. Бульбу пасадзіць, апрацаваць трэба – да дэпутата, батарэі ацяплення ў кватэры не грэюць – таксама, каб пахадайнічала ў сельвыканкаме  або ў дырэкцыі сельгаспрадпрыемства.
Вось і аўтару гэтых радкоў на мінулым тыдні з нагоды набліжэння Дня маці выпаў шчаслівы выпадак пагутарыць з Н.А. Стрыжак.

– Запомнілася выказванне аднаго чалавека,– сказала яна, – аб тым, што нашы дзеці – не толькі нашы дзеці. Яны нашчадкі многіх людзей. Мы прыводзім іх у гэты свет і выконваем, хто часткова, хто поўнасцю, сваю галоўную задачу – перадаём іскрынку жыцця далей. Сваю любоў, свой клопат, сваю цеплыню, якія нашы дзеці перададуць сваім, а тыя сваім… І, на мой погляд, самая вялікая радасць для маці, калі гавораць: “Я люблю цябе”, “У мяне самыя лепшыя мама і тата”, простае “Дзякуй”. Я пачула  гэтыя словы…


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *