Галоўная жыццёвая роля


Заўтра наша краіна адзначае Дзень маці. Гэтае светлае свята –  свята кожнага з нас, бо само жыццё атрымана ад самага дарагога і роднага чалавека – маці.
Глыбока сімвалічна тое, што мы ўслаўляем жанчын-маці, чыя любоў не мае межаў, у дзень Пакрова Божай Маці. Як Дзева Марыя абараніла некалі род людскі, зняўшы з галавы пакроў і распрасцёршы яго   над хрысціянамі, якія застылі ў малітве, так і нашы маці штодзённа выхоўваюць сыноў і дачок дабрынёй і ласкай.

У жыцці кожнага з нас няма чалавека радней, бліжэй і даражэй, чым маці. Яе любоў, пяшчотны клопат суправаджаюць нас з першых дзён жыцця, саграваюць цяплом, дапамагаюць прымаць правільныя рашэнні. Маці вучыць нас усяму, прывіваючы важныя якасці – уменне паважаць старэйшых і даражыць дружбай, любіць свой край і берагчы прыроду, дабівацца намечаных мэт і працаваць дзеля дабрабыту Радзімы. Таму так важнае для сучаснага грамадства гэтае свята, якое стала сімвалам дамашняга шчасця і добрых сямейных традыцый.

У нашым раёне маці выступаюць ініцыятарамі добрых пачынанняў, якія накіраваны на стварэнне добрых умоў для паўнацэннага жыцця падрастаючага пакалення, развіццё творчых здольнасцей і талентаў юных хайнічан. Менавіта ў гэтым  шчодрым і бескарысным клопаце аб дабрабыце дзяцей, аб будучым нашай краіны, вобласці, раёна праяўляюцца лепшыя рысы мацярынства.
Цэлыя сузор’і свайго прадаўжэння маюць у раёне 394 мнагадзетныя маці, 11 з іх – уладальніцы  самай  высокай узнагароды – ордэна Маці. Гэта жыхаркі аграгарадка Стралічава Лідзія  Міхайлаўна Дашук, Валянціна Анатольеўна Трошка,  Людміла Валер’еўна Мягкова, Галіна Васільеўна Лук’янава, Галіна Валянцінаўна Байкова са Слабажанкі, Марына Сяргееўна Шульга з вёскі Партызанская, а таксама жыхаркі райцэнтра Марыя Рыгораўна Літвінка, Святлана Васільеўна Турчанская, Ірына Міхайлаўна Назаранка, Марына Мікалаеўна Краўчанка, Інна Палюсьеўна Бародкіна.

Нездарма жанчыну-маці праслаўлялі ва ўсе часы і параўноўвалі з тым, што ўвасабляе прыгажосць. Мама – гэта лепшае, што створана прыродай, гэта цяпло і спакой, гэта бессмяротны пачатак самых добрых на Зямлі пачаткаў. Шмат самых высокіх слоў выказана чалавецтвам яе вялікасці Маці. Напярэдадні самага цудоўнага свята жадаю, каб у кожнай сям’і Хойнікшчыны быў дабрабыт і ўзаемаразуменне, каб нараджаліся толькі жаданыя дзеці, якія будуць расці ў атмасферы цяпла і бацькоўскай любові. Кожнай жанчыне-маці –  быць гаспадыняй свайго лёсу, а гэта значыць – быць шчаслівай. Толькі са шчаслівых людзей складваецца шчаслівая краіна.
Няхай у вашы вокны свецяць толькі ласкавыя прамені сонца, а шэрыя навальнічныя воблакі абыходзяць  бокам. Мір вашаму дому, радасць, спакой і шчасце.



В. ШАЎЧЭНКА,  намеснік старшыні райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *