“Смачны” поспех


Як вядома, сталіцай маштабнага мерапрыемства зусім нядаўна стаў аграгарадок “Ляскавічы” Петрыкаўскага раёна, дзе праводзіўся Першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Сваю мабільную групу накіравала на фестываль і Хойніцкае райспажыўтаварыства, а сярод ганаровых гасцей былі старшыня Праўлення Белкаапсаюза С. Сідзько, старшыня праўлення Гомельскага аблспажыўсаюза В. Смольскі, кіраўнікі райспажыўтаварыстваў 8 раёнаў Гомельшчыны і 3 – Брэстчыны.

Прыкметны ўклад у афармленне падворкаў, стварэнне ў іх сапраўды народнага каларыту ўнеслі кааператары нашага раёна.
– Да свята мы падрыхтавалі арыгінальныя стравы, – расказала старшыня праўлення райспажыўтаварыства Н.У. Тараева. – Гэта рыба фаршыраваная, качка з яблыкамі, фаршыраванае сэрца з ялавічыны, фаршыраваны качан капусты. А ў цэлым парадавалі наведвальнікаў падворка рознымі смачнасцямі. Госці не толькі з задавальненнем каштавалі апетытныя стравы нашых продкаў, але і распытвалі гаспадынь шыкоўнага стала аб сакрэтах прыгатавання страў.
Яшчэ больш прыемны той факт, што райспажыўтаварыства выйшла ў пераможцы конкурсу нацыянальнай кухні і адзначана Дыпломам за подпісам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Старшыні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню фестывалю “Покліч Палесся” І. Бамбізы.

Гэтая ўзнагарода – заслуга майстроў-кулінараў – старшых повараў рэстарана “Палессе” Ніны Іванаўны Шубянок, і Алены Уладзіміраўны Іўлевай  і  повара кафэ “Сузор’е” Аляксандра Дзмітрыевіча Аўдзюшына,  якія стваралі кулінарныя шэдэўры да фестывалю пад кіраўніцтвам загадчыцы вытворчасці камбіната грамадскага харчавання райпо Таццяны Канстанцінаўны Лобан.



                  Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *