Галоўней усяго – надвор’е ў доме


Другое скліканне запар мяне выбралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Пераканаўся, што на гэтай грамадскай пасадзе самае галоўнае – не страціць давер людзей. У кожнага ў жыцці бываюць такія сітуацыі, калі патрэбны парада, дапамога. І аддаючы свой голас за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, людзі ў першую чаргу спадзяюцца на гэта. Безумоўна ж, улічваюць дзелавыя якасці кандыдата, яго прыстойнасць.
Стараюся не чакаць, пакуль выбаршчыкі прыдуць да мяне з просьбамі, прапановамі, сам іду да іх. Вось і ў канцы мінулага месяца сустрэўся са сваімі выбаршчыкамі, якія жывуць у дамах № 23 і № 12 па вуліцы К. Маркса. Аб некаторых іх праблемах паведамлялася ў матэрыяле “По другую сторону забора” (“ХН”, № 78 за 2 кастрычніка 2010 года). Але закранулі не ўсе.

 Жыхарка дзесятай кватэры дома № 23  прасіла дапамагчы ў вырашэнні  набалелага пытання: на кухні і ў спальні не грэюць батарэі ацяплення. У доме не працуе выцяжная вентыляцыя, а пасля замены цеплатрасы будаўнікі люк накрылі не чугуннай накрыўкай, а лістом фанеры. Таго і глядзі, хто-небудзь зваліцца ў цёмны час сутак. Пасля рамонту цеплавузла на абрэзаныя трубы паставілі не заглушкі, а прымітыўна забілі калкамі. Дзе гарантыя таго, што іх не вырве, і не трэба будзе ратавацца ад затаплення?

Даўно абяцалі камунальнікі замяніць струхнелыя ад часу вокны ў пад’ездах, але і да гэтага часу нічога не зроблена. У гэтым жа доме і суседнім № 10 затаплівае падвальныя памяшканні. Звярталіся ў розныя інстанцыі, аднак безвынікова.
Уласнымі сіламі гэтае кола праблем  вырашыць не магу. Таму звяртаюся да кіраўніцтва КЖУП “Хойніцкі камунальнік” з дэпутацкім запытам. Справа ў асноўным датычыць жыхароў шаноўнага  ўзросту, аб якіх  трэба ўспамінаць не толькі ў Дзень пажылых людзей.
Са свайго боку, як работнік рамонтнага завода, абяцаю, што  паклапачуся аб вырабе лавачак і ўстаноўцы іх у двары. Аб гэтым таксама прасілі мае выбаршчыкі.


 


 Г. СТУПАКОЎ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Паркавай выбарчай акрузе № 3, інжынер-тэхнолаг КВУП “Хойніцкірамонтны завод”.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *