Па маршруту Хойнікі – Гарадзея


Цукровыя буракі – культура высокарэнтабельная і  выгадная для вырошчвання ў клімаце нашага рэгіёна. Так склалася, што на Гомельшчыне яны выспяваюць  раней, чым у іншых раёнах Беларусі, і гэтым не грэх скарыстацца, застаючыся на нейкі час манапалістам у пастаўках сыравіны для цукровых заводаў краіны.

Сельгаспрадпрыемствы нашага раёна працуюць з Гарадзейскім (Нясвіжскі раён) цукровым камбінатам. На гэтым тыдні на прадпрыемства пайшлі першыя вагоны салодкага кораня. Па стану на 15 кастрычніка з гаспадарак раёна адгружана 13895 т. Больш за астатніх адгрузіла КУП “Аравічы” – 4500 т, 3685 т – КСУП імя Мележа, 2350 т  – ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”.

Пасяўныя плошчы цукровых буракоў у раёне  павялічваюцца: з 450 га у 2008 годзе да 700 – у 2009-м і 1000 га ў 2010 годзе. Самы вялікі клін гэтай культуры – па 200 га – маюць КСУП “Аравічы” і “Судкова”. У першай з гаспадарак па стану на 15 кастрычніка ўбрана 170 га, у КСУП імя Мележа – 126 га. Усяго па раёну  ўбрана 637 гектараў. 

У “Аравічах” пакуль што атрыманы самы высокі валавы збор цукровых буракоў – 5250 т, у КСУП імя Мележа –  4590 т.

Па ўраджайнасці лідзіруюць земляробы КСУП “Веляцін” – 400 ц/га. У КСУП імя Мележа ўраджайнасць склала 364 ц/га, у “Судкова” – 352 ц/га.

Вялікае значэнне мае і сярэдні працэнт цукрыстасці буракоў. Яго базавая стаўка – 16 %, пры такім паказчыку выплачваецца 90 тыс. руб. за тону. У тым выпадку, калі працэнт цукрыстасці вышэй базавай лічбы, выплачваюцца надбаўкі ў разліках за тону, калі ніжэй – кошт сыравіны зніжаецца. Пакуль што самы высокі працэнт цукрыстасці  маюць эксбаза “Стралічава” (16,7%) і КСУП “Судкова” (16,1%).



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *