Няхай заўсёды будзе мама


У якім бы ўзросце ні быў чалавек, маці для яго застаецца самым родным, блізкім і дарагім чалавекам. У гэтым крыецца сутнасць самой прыроды, амаль ці не галоўны закон. Вось таму, бадай, самым важным з’яўляецца  свята – Дзень маці. Яно мае статус міжнароднага, у розных краінах прыпадае на розныя даты, а ў нас прымеркавана да самага што ні на ёсць ахоўнага свята – Пакровы Прасвятой Багародзіцы.

Традыцыйна з 8 па 14 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень маці. Многа мерапрыемстваў у яго рамках адбылося на Хойнікшчыне. Ва ўсіх  калектывах ушанавалі працаўніц-маці, вучні пісалі сачыненні, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў, дашкольнікі падрыхтавалі разам са сваімі выхавацелямі змястоўныя праграмы.

Апафеозам святкавання стала запрашэнне жанчын-маці ў гарадскі цэнтр культуры і спорту, дзе адбылося іх ушаноўванне.
– У свеце няма нічога больш важнага і дарагога, чым сям’я, родны дом і святая мацярынская любоў, – адзначыў, віншуючы жанчын намеснік старшыні райвыканкама В.М. Шаўчэнка. – Вы – наша галоўнае багацце на Зямлі, у бурным рытме сучаснага жыцця застаецеся ласкавымі і добрымі жонкамі і маці, якія ўмеюць любіць, верыць і дараваць.

Да віншаванняў далучылася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Н.А. Слесарэнка, якая з пажаданнямі поспехаў, дабрабыту і жаночага шчасця падкрэсліла, што мацярынства – цяжкая праца. І вельмі важна, каб на клопаты маці дзеці адказвалі цеплынёй і любоўю.

Затым В.М. Шаўчэнка і Н.А. Слесарэнка ўручылі пасведчанні мнагадзетных маці і падарункі хайнічанкам Наталлі Уладзіміраўне Пыцікавай, Вользе Уладзіміраўне Шырчанка, Алене Арсенцьеўне Рабянок, Аксане Мухаметаўне Пухненковай.

Затым сцэна была прадастаўлена самадзейным артыстам, якія дарылі маці музычныя падарункі.

Добры настрой прысутным стварылі выстаўкі кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, дзіцячых карцін і падзелак.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *