Званіўшыя засталіся задаволенымі

Законнасць і парадак

14 кастрычніка на пытанні жыхароў горада і раёна ў рэдакцыі “Хойніцкіх навін” адказвала начальнік аддзела па назначэнню пенсій  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Г.М. Казмярчук.

Жыхар вёскі Веляцін В.І. Гардзейчык, як удзельнік Тоцкіх выпрабаванняў атамных бомб у 50-х гадах мінулага стагоддзя, цікавіўся, ці працуе Савет ветэранаў падраздзяленняў асаблівай рызыкі па Гомельскай вобласці і ў Рэспубліцы Беларусь, і якія льготы прадастаўлены для гэтай катэгорыі грамадзян. Таксама прасіў даслаць яму пісьмовы адказ наконт гэтага, што і будзе зроблена.
Хайнічанін І.П. Нікіценка атрымлівае пенсію па ІІІ групе інваліднасці, па стану здароўя два гады не працуе. Адпрацаваў 30 гадоў трактарыстам, у снежні сёлета яму спаўняецца 55 гадоў. Цікавіўся, ці зможа перайсці на пенсію па ўзросту ў 55 гадоў.

Адказ быў атрыманы станоўчы, таму што права на датэрміновую пенсію па ўзросту прадастаўлена трактарыстам-машыністам калгасаў, саўгасаў і іншых прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, непасрэдна занятым на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – мужчынам па дасягненні 55 гадоў і пры агульным стажы работы не менш 25 гадоў, з іх не менш 20 гадоў на ўказаным месцы працы. Перапынкі ў рабоце значэння не маюць.

У няпростай жыццёвай сітуацыі апынулася жыхарка нашага райцэнтра Г.П. Кузьменка. Яна выхоўвае дзіця-інваліда з нараджэння. Увесь час сын знаходзіўся дома. У гэтым годзе яму споўнілася 18 гадоў і ўстаноўлена ІІ група інваліднасці. Жанчына пыталася, ці можа пайсці яна на пенсію ў 50 гадоў.
Згодна з дзеючым заканадаўствам гэта магчыма, калі агульны стаж маці складае не менш 20 гадоў.

І.С. Кулеш атрымлівае дапамогу па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, нідзе не працуе. Цікавілася, ці абавязкова прадастаўляць даведку аб неафармленні дзіцяці ў дзіцячую дашкольную ўстанову па дасягненні ім 2 гадоў.
З 5 жніўня 2010 года адменена абавязковае прадастаўленне даведкі па дасягненні дзецьмі паўтара, двух і двух з палавінай гадоў аб неафармленні дзіцяці ва ўстанову, якая забяспечвае атрыманне дашкольнай адукацыі. Званіўшая абавязана ў 5-дзённы тэрмін паведаміць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне любыя звесткі аб змяненнях у саставе сям’і і занятасці яе членаў, афармленні дзіцяці ў дашкольную ўстанову, дом дзіцяці і іншых абставінах, якія цягнуць спыненне выплаты дапамогі або надбавак да яе.



 Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *