Сорамна, канешне…


Менавіта так сцвярджала большасць выкліканых на чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. У параўнанні з мінулым годам павялічылася колькасць непаўналетніх, затрыманых сёлета за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, да якіх з 23 лютага сёлета згодна са змяненнямі, унесенымі ў КАаП Рэспублікі Беларусь, адносяцца піва і джын-тонік.

Э. Лабада (СШ № 3), А. Маслаў (Буда-Кашалёўскі аграрны каледж), В. Аляксеенка (ДПТВ-183) за гэта правапарушэнне затрыманы былі ў мінулым месяцы. На першы раз, улічваючы станоўчыя характарыстыкі з месца вучобы, прызнанне сваёй вінаватасці і раскаяння, усім ім вынесена папярэджанне. Максімальнае ж пакаранне за гэта – штраф у  памеры 8 базавых велічынь (на сёння гэта 280 тыс. руб.), а таксама пастаноўка на ўлік у камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх. Штраф у адну базавую велічыню за распіццё  спіртных напіткаў атрымаў непаўналетні А. Сідарок.

Папярэджанне вынесена навучэнцу ДПТВ-183 Я. Гуцаву, які, будучы нецвярозым, перадаў кіраванне мапедам такому ж нецвярозаму таварышу.
Пастаянная “госця” камісіі па справах непаўналетніх В. Шэпялевіч, рабочая эксбазы “Стралічава”. У яе паслужным спіску бадзяжніцтва, крадзяжы, дарожна-транспартнае здарэнне. На гэты раз дзяўчына ўкрала ў сваёй сабутэльніцы грошы. І каб не летняя амністыя, то сядзела б яна ў следчым ізалятары і чакала рашэння суда.

Сапраўдная санта-барбара  разварочваецца ў сям’і з в. Барысаўшчына, дзе выхоўваецца непаўналетні А. Бобрык. Правільней будзе сказаць, не выхоўваецца. Таму і выкліканы на пасяджэнне камісіі хлопец з-за таго, што здзейсніў крадзёж рэчаў з чужога  аўтамабіля. Рашэнне камісіі – на паўгода забраць дзяцей з гэтай сям’і  ў  прытулак, пакуль бацькі не разбяруцца ў сваіх адносінах. Да таго ж, кожны з іх атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь.
 Месяц на выпраўленне, лячэнне ад алкагольнай залежнасці і навядзенне парадку ў доме ў г. Хойнікі дадзены і А. Найдзенка, інакш двое малалетніх дзяцей будуць забраны. Хочацца верыць, што 23-гадовая жанчына знойдзе сілы, каб выправіцца і не папоўніць рады абавязаных асоб.

Вучань СШ № 3 Д. Бандарэнка разам з Д. Ждановічам за год здзейснілі 6 злачынстваў. Ждановіч чакае рашэння суда ў следчым ізалятары. Але лёс сябра Дзіму Бандарэнку не напужаў. На пасяджэнні камісіі ён вёў сябе нахабна. Згодна з характарыстыкай са школы юнак не цікавіцца нічым, акрамя матацыклаў, з-за чаго прагульвае школу, здзяйсняе проціпраўныя дзеянні. Сваё слова ў гэтай справе таксама скажа суд, рашэнне якога юнак пакуль чакае на волі.
І чаго не хапае сучаснай моладзі? Амаль усе разглядваемыя на камісіі са станоўчых сем’яў, апрануты, абуты, не галодныя. Што можна шукаць на дне бутэлькі са спіртным, у чужых кішэнях, аўтамабілях? Толькі свой разбіты лёс і слёзы матуль.



Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *