Сітуацыя пад кантролем


Дысцыпліна і парадак на вытворчасці, грамадская бяспека, прафілактыка сямейнага бязладдзя – вельмі важныя складаемыя стабільнасці любога рэгіёна, грамадства ў цэлым. Аб прафілактыцы правапарушэнняў, захаванасці законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна ў першым квартале года гутарка нашага карэспандэнта з першым намеснікам начальніка  аддзела ўнутраных спраў райвыканкома С.А. БАРЫСЕНКАМ.

– Сяргей Анатольевіч, якое рэальнае становішча спраў з крымінагеннай абстаноўкай у раёне  за апошнія 3 месяцы года і прымаемых мерах па яе стабілізацыі?

– Асноўныя намаганні асабовага састава аддзела былі накіраваны на забеспячэнне рэальнай абароны грамадзян ад злачынных замахаў шляхам прафілактыкі правапарушэнняў, папярэджання п’янства і алкагалізму, супрацьдзеяння  цяжкім і асабліва цяжкім злачынствам, пошуку без вестак прапаўшых, уцёкшых злачынцаў, умацавання рэгістрацыйна-ўліковай і выканаўчай дысцыпліны, аператыўнага рэагавання на паступаючыя заявы і паведамленні грамадзян і фарміравання на гэтай аснове станоўчага іміджу супрацоўніка ўнутраных спраў.

За прайшоўшы перыяд года ў аператыўна-дзяжурную службу паступіла і зарэгістравана 1012 заяў і паведамленняў аб злачынствах, па якіх прыняты  рашэнні ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. 317 матэрыялаў разгледжана ў адміністрацыйным парадку.

Следча-аператыўная група ажыццявіла 753 выезды па гораду і 262 – па раёну. 212 разоў давялося выязджаць на сямейныя скандалы.

– А які стан злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку?

– Па гэтай лініі зарэгістравана 58 злачынстваў (летась за гэты перыяд было 84). Найбольш неспрыяльнымі з’яўляюцца тэрыторыі Велікаборскага і Стралічаўскага сельскіх Саветаў (12 і 15 адпаведна). У горадзе здзейснена 74 злачынствы, у сельскай мясцовасці – 26.

Разам з тым у нашым раёне адзначаецца і самая высокая ў вобласці эфектыўнасць мерапрыемстваў, накіраваных на раскрыццё злачынстваў (82,8%). На другім месцы па гэтаму паказчыку (76,3%) Нараўлянскі раён.

Адзначаецца зніжэнне колькасці рэгіструемых асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў – 6 (летась – 8), аднак удзельная вага супрацьпраўных дзеянняў гэтай катэгорыі ў структуры злачыннасці складае 10,3% (у сярэднім па вобласці – 6,6%). Са здзейсненых 6 цяжкіх і асабліва цяжкіх: 2 –забойствы, 3 – цяжкія цялесныя пашкоджанні і адно незаконнае дзеянне ў адносінах зброі. Трэба адзначыць, што раскрыты ўсе злачынствы супраць жыцця і здароўя грамадзян.

Больш палавіны здзейсненых злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку – тайныя крадзяжы маёмасці, раскрыта 22, або 68,7%. Амаль кожны другі крадзёж здзейснены ў жылым памяшканні. Ад агульнай колькасці крадзяжоў з жылля грамадзян злачынцы ўстаноўлены ў 14 выпадках (93,3%).

Раскрыта 6 злачынстваў, здзейсненых у мінулыя гады, у тым ліку адно, якое адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх.

Зарэгістравана адно злачынства, звязанае з наркотыкамі, па лініі БК і ЭП выяўлена 12 злачынстваў, з іх 2 цяжкіх і асабліва цяжкіх і 11 карупцыйнай накіраванасці.

– Якія змены адбыліся ў дынаміцы злачынстваў, рэгіструемых у грамадскіх месцах, сферы сямейна-бытавых адносін, якія прафілактычныя меры праводзяцца?

– У сферы сямейна-бытавых адносін за прайшоўшы перыяд было здзейснена 4 злачынствы (удзельная вага 6,9%), у стане алкагольнага ап’янення – 32 (28,3%), у грамадскіх месцах – 27 (46,6% ), асобамі, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці – 61 (54%), групах – 10. На жаль, не наступіла істотных пазітыўных змен у дынаміцы злачынстваў, рэгіструемых у грамадскіх месцах. Невялікае зніжэнне злачыннасці адзначаецца ў сферы сямейна-бытавых адносін. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 1409 чалавек.

Па-ранейшаму праблемай застаецца пытанне аб пакрыцці нядбайнымі бацькамі сродкаў на ўтрыманне іх дзяцей у дзяржаўных установах. У сувязі з гэтым самы актыўны ўдзел супрацоўнікі аддзела прымалі ў лютым сёлета ў рэспубліканскім месячніку па прафілактыцы асацыяльных паводзін і работы органаў правапарадку і грамадскасці ў сямейна-бытавой сферы, ужо другі год у раёне праводзіцца акцыя пад дэвізам “Сям’я без насілля”.

За 3 месяцы года на лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя накіравана 3 чалавекі. У мэтах зніжэння злачынстваў, здзяйсняемых у стане алкагольнага ап’янення, кіраўніцтвам аддзела падрыхтавана і накіравана ў райвыканком хадайніцтва аб змяненні рэжыму работы аб’ектаў гандлю, у тым ліку часу продажу спіртных напіткаў. Зараз іх можна набыць да 22 гадзін.

Выяўлена і знішчана больш за 2100 літраў самагоннай брагі, 46 літраў самагону, знішчана 2 самагонныя апараты, выяўлена 8 фактаў продажу самагону.

Па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (за пагрозу забойствам) узбуджана 2 крымінальныя справы.

– Сяргей Анатольевіч, лічбы – рэч упартая, але зараз аб рабоце органаў правапарадку мяркуюць па водгуках грамадскасці…

– Гэта так, і правільна. Толькі нельга скідваць з рахунку  лічбы. Не ў крыўду нашым калегам з другіх раёнаў, прывяду такія прыклады. За першы квартал года нашым аддзелам выяўлена і зарэгістравана 198 выпадкаў распіцця алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах або з’яўлення там у нецвярозым стане. У той жа час у суседнім Нараўлянскім раёне толькі 6, у значна большым Жыткавіцкім – 70, Чачэрскім – 26. Няўжо там выпівохі пайшлі на звод?

– Са сказанага Вамі трэба меркаваць, што крымінагенная сітуацыя ў раёне знаходзіцца пад кантролем. І гэта вынік работы кожнага супрацоўніка аддзела. Але ж чый самы важкі ўклад у агульную справу?

– У першую чаргу назваў бы кіраўніка аддзела Г.І. Гапоненку. Ініцыятывы, настойлівасці, патрабавальнасці яму не займаць. Выдатна нясуць службу супрацоўнікі крымінальнага вышуку В.А. Котчанка і І.М. Дземідзенка, старшы ўчастковы інспектар С.М. Гардзейчык, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі В.І. Ліберт, інспектары дарожна-патрульнай службы Д.Я. Валяваты і А.А. Анісенка, начальнік ізалятара часовага ўтрымання Я.М. Купрацэвіч, які дабіўся 95-працэнтнага пакрыцця сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне затрыманых, калі раней гэты паказчык не перавышаў 46 працэнтаў, і многія іншыя.


Інтэрв’ю ўзяў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *