У ліку самых дысцыплінаваных


Галоўная тэма дня сённяшняга – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім будзе папярэднічаць у Мінску чацвёрты Усебеларускі народны сход. Дата яго правядзення вызначана –  6-7 снежня 2010 года, наш раён на ім прадставяць 7 чалавек.  На сходзе будуць падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў трэцяй пяцігодцы 2006-2010 гг., пасля чаго з улікам атрыманага вопыту будуць штурмавацца новыя вышыні. Такая форма развіцця нацыянальнай эканомікі, павышэння дабрабыту яе грамадзян апраўдала сябе за прайшоўшыя амаль 15 гадоў. Па такому сцэнарыю стабільна развіваецца і наш раён.

Аб гэтым гаварылі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй райвыканкама А.В. Бічаном на сустрэчы з калектывам фабрыкі мастацкіх вырабаў. Кожнага выступаючага ўважліва слухалі жанчыны. І прыемна было работніцам і іх дырэктару І.У. Пятруніну, калі работнікі фабрыкі былі названы  ў ліку самых дысцыплінаваных па аплаце за камунальныя паслугі, калі падзякаваў ім за работу па пашыву штор і пакрывал для адрамантаванай гасцініцы ў райцэнтры дырэктар КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкін.

Буйныя разавыя заказы гэта, канешне, добра. Але ж, вобразна кажучы, каб зарабіць не толькі на хлеб, але і на масла да хлеба, трэба трывала заняць нішу на рынку збыту выпускаемай прадукцыі – ільнянога адзення, пасцельнай бялізны, вырабаў з саломкі, на якіх у абавязковым парадку павінна прысутнічаць нацыянальная сімволіка, а таксама сімволіка нашага раёна, вобласці. Трэба адкрываць свае гандлёвыя кропкі ў абласных гарадах, напрыклад, у Брэсце, які мяжуе з Польшчай. 

У параўнанні з мінулым прыездам ІПГ на фабрыку супрацьлеглая карціна была па адрасаванню  пытанняў яе членам. Ні скарг, ні заўваг не паступіла на гэты раз у адрас камунальнай службы, работы гандлю, медыкаў, педагогаў. Тлумачэнне такой добрай перамене відавочна – раён не стаіць на месцы, ён дынамічна развіваецца, а дадзеныя людзям абяцанні выконваюцца. Так, пасля доўгага закрыцця расчынілі, як ў старыя добрыя часы, свае дзверы ўстановы культуры – ГЦКіС “Меліяратар” і РДК, краязнаўчы музей, запрацавала лазня ў мікрараёне “Юбілейны”, адкрылася адноўленая гасцініца, адрамантаваны дарогі, магазіны. Будуюцца дамы і фермы, рамантуецца жылфонд, мяняюцца вадаводы. Што яшчэ трэба для жыцця – працуй сумленна і ашчадна карыстайся ўсімі дабротамі.

Увагу прысутных засяродзіў старшыня райвыканкама А.В. Бічан на прадастаўляемай дзяржавай цудоўнай магчымасці мець уласнае жыллё – будаваць яго за кошт ільготнага крэдыту. І ў спадчыну такая маёмасць застанецца, і знешні выгляд нашага горада ад гэтага толькі выйграе. Кожны, хто стаіць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у райвыканкаме, можа скарыстацца такім крэдытам “Беларусбанка” на 40 год пад 1%.
З наступленнем асенне-зімовага перыяду актуальнай была тэма вакцынацыі насельніцтва. У кожнага жыхара Хойнікшчыны ёсць магчымасць атрымаць прышчэпку ў ЦРБ, прычым многім працуючым, у тым ліку і на фабрыцы, такая магчымасць прадастаўляецца бясплатна. Умова адна – уласнае жаданне, плоціць –  прадпрыемства. 



Ірына ВАСІЛЬЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *