Шлях да мары

Экономика

dsc_0014Прадпрыемствы прыватнага сектара паступова становяцца звыклай з’явай на тэрыторыі нашага раёна. Можна па-рознаму ставіцца да шматукладнасці ў эканоміцы, але калі прыватная фірма альбо акцыянернае таварыства забяспечвае насельніцтва рабочымі месцамі, выпускае прамысловую прадукцыю, своечасова і ў поўным аб’ёме разлічваецца за энерганосьбіты, а таксама па зарплаце, усіх падатках і зборах – каму ад гэтага стане горш? Таму, акрамя традыцыйных для малога бізнесу гандлёва-пасрэдніцкіх фірм, у раёне дзейнічаюць прыватныя прадпрыемствы ў галіне дрэваапрацоўкі, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі.

Сярод апошніх вызначаецца сялянска-фермерская гаспадарка «Родной путь». Месціцца яна на базе былой Губарэвіцкай МТФ, узначальвае яе жыхар нашага горада М.В. Чубянок (на здымку ўверсе). Сваю прыватную справу Мікалай Валянцінавіч пачынаў у 2010 годзе, калі адкрыў магазін па продажу запчастак для аўтамабіляў і трактараў. А ў сакавіку 2015 згадзіўся на прапанову старшыні райвыканкама А.І. Цітка адкрыць новую фермерскую гаспадарку. Аб тым, што было далей, ён раскажа сам.
– Выдатна памятаю той дзень, калі мы набылі першую карову для нашай гаспадаркі – гэта было 9 сакавіка мінулага года. Але перш, чым завесці свой статак, давялося нямала папрацаваць на разбітых ушчэнт кароўніках і падсобных памяшканнях: комплекс збудаванняў былой фермы некалькі гадоў не эксплуатаваўся і ад іх, па сутнасці, засталіся толькі сцены. Паступова ўсё прывялі да ладу, адрамантавалі ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучасных тэхналогій жывёлагадоўчае памяшканне, і зараз у ім суха, цёпла і светла – тое, што і патрэбна жывёле.
dsc_0206Зараз, па стану на пачатак лістапада, дойны статак у нас налічвае 68 кароў, і папаўняць яго мы стараемся толькі ўласнымі цёлачкамі ад высокапрадукцыйных кароў. Зараз у нас налічваецца 37 цялятак.
Доім малакаправодам, па якому малако паступае ў халадзільную ўстаноўку, не кантактуючы са знешнім асяроддзем. А таму рэалізуем яго на Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта» толькі гатункам «экстра».
Гэта што датычыць якасці малака. Аб колькасці, правільна кажуць: як пакорміш карову, так яе і падоіш. Аснову рацыёна складаюць кукурузны сілас, сянаж і камбікармы з прэміксамі – сумесямі вітамінаў, мікраэлементаў, мінеральных рэчываў і амінакіслот, якія спрыяюць павышэнню пераварымасці пажыўных рэчываў і іх засваенню арганізмам жывёлы. Летом выдатны эфект прыносіла дабаўленне ў рацыён зялёнага корму – люцэрны, пайзы, здрабнёнай кукурузнай масы. У выніку сярэднясутачны надой ад каровы ў сярэднім складае 17,8 кілаграма малака ад каровы. Але ёсць і 9 рэкардсменак, у якіх гэты паказчык перавышае 25 кілаграмаў малака за суткі. Мяркую, што выправіўшы некаторыя звязаныя з нашай нявопытнасцю памылкі, і такую лічбу мы зробім звыклай для ўсіх кароў.
dsc_0186Вытворчасць малака – асноўны, але не адзіны напрамак дзейнасці. Ёсць 4 аўтамабіля МАЗ, грузапасажырскае таксі і аўтапагрузчык, таму аказваем транспартныя паслугі сельгаспрадпрыемствам на жніве, нарыхтоўцы кармоў, дастаўцы гарачых абедаў у поле, іншых работах.
На сённяшні дзень у нашай сялянскай фермерскай гаспадарцы працуе 16 чалавек: 12 – на кантракце і 4 – па дагавору, які з’яўляецца і своеасаблівым выпрабаваўчым тэрмінам: зарэкамендаваў сябе чалавек выдатным работнікам – заключаем з ім паўнавартасны працоўны кантракт. А з тымі, у каго душа да справы не ляжыць – развітваемся без шкадаванняў.
Розныя катэгорыі работнікаў атрымліваюць розны заробак, агавораны ўмовамі кантракта: аператары машыннага даення кароў – па 5 мільёнаў рублёў старымі грошамі, жывёлаводы – 3,5-4 мільёны, вадзіцелі і механізатары – па 4-5 мільёнаў. Ажыццяўляем усе сацыяльныя выплаты: адпускныя, матэрыяльную дапамогу да іх, выплаты па бальнічнаму лісту.
dsc_0094Находзім узаемаразуменне з кіраўніцтвам раёна. Часта бываюць у нас і аказваюць практычную дапамогу выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.У. Бандарэнка, старшыня раёнага Саветв дэпутатаў Г.В. Бондар, намеснік начальніка ўпраулення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі І.У. Атрошчанка, галоўны ветэрынарны ўрач раёна С.І. Атрошчанка. Добрыя суседскія сувязі ў нас і з кіраўніцтвам эксбазы «Стралічава».
Паступова пераадольваючы праблемы, мы расцем, развіваемся і становімся мацней. Мяркую, што да 2020 года нам удасца ажыццявіць сваю даўнюю мару: не толькі займацца вытворчасцю малака, але і поўным цыклам яго перапрацоўкі, выпускаючы на выхадзе гатовую малочную прадукцыю, у першую чаргу – сыры. Пры тлустасці нашага малака 4,4-4,5% і павелічэнні пагалоўя дойнага статка да 100 галоў такая перспектыва зусім не здаецца фантастыкай…

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *