Вакцынацыя – надзейная заслона ад грыпу

Медыцына і здароўе

Захворванні на грып прыходзяць да нас кожны год і прыносяць нямала клопатаў. Што патрэбна зрабіць, каб ён не заспеў знянацку? На гэтае і іншыя пытанні, звязаныя з грыпам, карэспандэнту “ХН” адказаў в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна  С.У. КРАЎЧАНКА.

– Сяргей Уладзіміравіч, якім бачыцца прагноз распаўсюджвання грыпу сярод насельніцтва?
– Па шматгадовых назіраннях у нашай рэспубліцы яго пераносяць 350-400 тысяч чалавек. Летась вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі перахварэлі 612 тысяч. У нашым раёне – 7609 чалавек (амаль адна трэць усяго насельніцтва), у 2008 годзе – 4303.

– Калі сёлета чакаць наступлення эпідэміі?
– Ніхто са спецыялістаў не можа спрагназаваць дакладна ні пачатак эпідэміі, ні ступень яе цяжкасці. Магчыма, яна будзе сярэдняй інтэнсіўнасці, а, можа, моцнай. Мяркуецца, што грып да нас прыдзе ў снежні-студзені. Але ўжо зараз патрэбна да гэтага рыхтавацца, займацца прафілактыкай, вакцыніравацца.

– У якасці сродкаў прафілактыкі, што можаце парэкамендаваць?
– Па-першае, добра харчавацца, ужываць бялковую ежу, вітаміны: капусту, бульбу, моркву, таматы, перац і інш. 2-3 яблыкі ў дзень ствараюць запас вітамінаў і мікраэлементаў. Смела ўжывайце цыбулю і часнок, бо яны ўтрымліваюць фітанцыды.
Прымяняйце лекавыя сродкі, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэту, для гэтай мэты выкарыстоўваюцца сіроп з пладоў шыпшыны, а таксама адаптагены расліннага паходжання (алоэ, мёд, настойкі эхінацэі і жэньшэня, элеутэракока, лімонніка).
Неабходна пазбягаць вялікага скаплення людзей, старацца больш гуляць на свежым паветры, часцей праветрываць памяшканні, не пераахалоджвацца, пазбягаць стрэсавых сітуацый, якія прыгнятаюць імунную сістэму.
Супрацьвірусныя лякарствы ад грыпу з’яўляюцца істотным дапаўненнем да супрацьвіруснай вакцыны пры лячэнні і прафілактыцы грыпу, аднак яны не з’яўляюцца заменнікамі вакцын.

– Сяргей Уладзіміравіч, хто ў абавязковым парадку павінен прайсці вакцынацыю?
– 27 верасня ў рэспубліцы пачата вакцынацыя насельніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Будуць прышчэплены асобы, у якіх высокая рызыка развіцця ўскладненняў пасля захворвання грыпам: людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, з парушэннямі функцыі нырак, з імунадэфіцытам, у тым ліку ВІЧ-інфіцыраваныя. А таксама часта і працягла хварэючыя дзеці старэй шасці месяцаў, падлеткі і людзі ва ўзросце звыш 65 гадоў.
Вакцынацыю супраць грыпу пройдуць здаровыя дзеці з 3 да 16 гадоў і асобы, якія ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці маюць вялікую рызыку захварэць грыпам: медперсанал, работнікі ўстаноў адукацыі, сферы бытавога абслугоўвання, гандлю і грамадскага харчавання, транспартных арганізацый і г.д.
Для эфектыўнай вакцынацыі трэба ахапіць у нашым раёне 20% насельніцтва (4600 доз). 1430 будуць прышчэплены за кошт рэспубліканскага бюджэту, 1830 доз  закуплена за кошт аблвыканкама. Заключаны дагаворы на 505 доз з прадпрыемствамі і арганізацыямі, але аплацілі толькі ПУП “Палескія сыры” і ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”.
Аптымальны тэрмін правядзення вакцынацыі – з другой паловы верасня да сярэдзіны лістапада.
Настойліва рэкамендую насельніцтву раёна прыняць удзел у вакцынацыі супраць грыпу, таму што менавіта яна дапаможа стварыць той узровень калектыўнага імунітэту, які зможа забяспечыць павышэнне ўстойлівасці насельніцтва да гэтай інфекцыі.

– Зараз часта можна пачуць, што, маўляў, чалавек не прышчэпліваўся і не захварэў на грып.
– На вялікі жаль, большасць лічыць, што грып – бяскрыўднае захворванне. Але ж гэта тая інфекцыя, якая дае вялікую колькасць ускладненняў. Нярэдка грып прыводзіць да інваліднасці.
Хачу падкрэсліць, што арганізм здаровага чалавека пасля перанесенага грыпу сярэдняй цяжкасці затрачвае столькі сіл, што гэта каштуе яму аднаго года жыцця.
Канешне, вельмі добра, што чалавек не хварэе грыпам, але ж рызыкаваць усё ж не варта. Калі няма алергіі на яечны бялок, трэба прышчапіцца.



                                               Гутарыла Клаўдзія БОСАК.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *