Другое жыццё залы

Добраўпарадкаванне

Спартыўная зала ГЦКіС “Меліяратар” будавалася ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя як зала спартыўных гульняў – міні-футбола, валейбола, баскетбола і ручнога мяча. Аднак  потым яе перапрафіліравалі пад залу для спартыўных адзінаборстваў – у асноўным, дзюдо і самба. Для чаго ўся падлога гэтага немалога памяшкання была абкладзена барцоўскімі дыванамі. Менавіта пасля гэтага і пайшлі гуляць чуткі аб тым, што дываны сталі прычынай прагнівання падлогі, а таксама павышанай вільготнасці ў памяшканні. Так гэта або не, вядома толькі спецыялістам. Тым не менш факт застаецца фактам: яшчэ ў канцы 90-х гадоў зале быў патрэбен капітальны рамонт.

Доўгі час ён адкладваўся з-за адсутнасці крыніц фінансавання, і толькі летась рамонт спартыўнай залы быў уключаны ў праект рэканструкцыі  гарадскога цэнтра культуры і спорту “Меліяратар” і яго другі этап зоймуць работы па аднаўленню спартыўнай залы.

Зараз на аб’екце кіпяць работы і на сённяшні дзень тут працуюць дзве будаўнічыя арганізацыі: хойніцкая ПМК і мазырская СПМК-42 УП “Палессебуд”. Спецыялісты з горада над Прыпяццю завяршаюць насціл падлогі ў зале, замянілі 4 дэфарміраваныя пліты дахавага перакрыцця ў калідоры, абліцоўваюць пліткай сцены раздзявалак, душавых, туалетаў, кабінета медработніка і іншых дапаможных памяшканняў. Наперадзе ў іх усталяванне падвясной столі, а таксама аддзелка сцен матэрыялам з гіпсакардону і наступная іх афарбоўка.

Работнікі хойніцкай ПМК таксама займаліся дахавымі работамі, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а зараз яны вядуць кладачныя работы па задзелцы цэглай ранейшых ніш для радыятараў ацяплення. Плануецца, што зараз у зале і памяшканнях будзе зманціравана прынцыпова новая сістэма ацяплення.

Дарэчы, ужо на наступным тыдні да работы прыступяць і работнікі мазырскай СПМК-50 (таксама УП “Палессебуд”): менавіта яны і будуць займацца мантажом сістэм ацяплення і вентыляцыі, водаправодам і ўстаноўкай усяго сантэхнічнага абсталявання.

Праектны тэрмін завяршэння работ – 31 снежня 2010 года, аднак, як паведаміў прараб СПМК-42 А.У. Любанец, упаўне верагодна, што зала будзе здадзена ў эксплуатацыю задоўга да азначанага тэрміну.
Тым часам аддзелу па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама ў рамках праекта ЕС/ПРААН было выдзелена 35 тысяч долараў ЗША на набыццё неабходнага спартыўнага абсталявання і інвентару: сетак, мячоў, формы, трэнажораў, шведскіх сценак, гімнастычных снарадаў і інш. Асобна прадугледжана закупка медыцынскага абсталявання для кабінета медработніка, які будзе працаваць у зале на пастаяннай аснове. Так што ў наступным годзе спартыўная зала “Меліяратара” прыме аматараў фізкультуры і спорту не толькі адрамантаванай і абноўленай, але і забяспечанай усім неабходным для трэніровак і спаборніцтваў.



Віктар НАЗАРАНКА.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *