Калі спіць сумленне


У нашым раёне каля 150 чалавек абавязаны пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах. 52 чалавекі  працаўладкаваны пры дапамозе цэнтра занятасці. Аднак не ўсе яны вызначаюцца стараннем. За апошнія 3 месяцы прагулялі менш чым 10 дзён 15 чалавек, звыш 10 дзён – 6 чалавек. Гэты кантынгент –  галаўны боль для супрацоўнікаў РАУС, членаў камісіі па справах непаўналетніх, кіраўніцтва прадпрыемстваў, дзе працаўладкаваны нядбайныя бацькі. 

Разам са старшым участковым інспектарам РАУС С.М. Гардзейчыкам, намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх А.С. Содаль і начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкома Н.В. Анісенка значны час давялося патраціць на пошукі І.У. Цярэшчанка, якая працаўладкавана ў ПДРЭЗ. Ірына Уладзіміраўна аб’явілася толькі на наступны тыдзень і адразу ж была накіравана ў ЦРБ на лячэнне: арганізм не здолеў сам пераварыць тую колькасць алкагольнай атруты, якую прыняла жанчына.

Працоўны дзень нават не пачынаўся для рабочага агракамбіната “Віць” В.В. Шаўчэнкі (на здымку). Знайшлі яго дома, па вул. Пралетарскай, 34. Паскардзіўся Валерый Васільевіч на хваробы: атыт, гастрыт, прастатыт, панкрэатыт. Лячыць жа трэба! Вось і знайшоў універсальнае лякарства ад усіх хвароб: шклянку віна замест пілюль.

А палове чацвёртай знаходзілася дома Наталля Юльеўна Шаўчэнка, дворнік КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Запэўніла, што ўжо адпрацавала неабходнае. Вось толькі трывалы пах алкаголю прымусіў сумнявацца ў сказаным.

Святлана Уладзіміраўна Марчанка, рабочая КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, таксама ўжо знаходзілася дома, растлумачыўшы гэта, што патрабуемы аб’ём работы яна выканала.

Вось і атрымліваецца, што на паперы абавязаныя працуюць, а ў рэальнасці – адбываюць павіннасць. Застаецца толькі чакаць, калі сумленне возьме верх.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *