На раённай Дошцы гонару

Сельское хозяйство

Па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у вытворчай і сацыяльнай сферы сярод работнікаў асноўных прафесій за 2015 год героі сённяшняй публікацыі прызнаны «Лепшымі работнікамі сельскай гаспадаркі» і занесены на Дошку гонару.

dsc_0010ЮРЫЙ ШРАМКО
Адзін з тых, каго віншавалі ў жніўні і чый фотаздымак красуецца на Дошцы гонару,– механізатар КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» Юрый Вячаслававіч Шрамко. Гэты сціплы чалавек згадзіўся сфатаграфавацца і крыху расказаць пра сябе не адразу.Хаця на старонках раённай газеты з’яўляўся неаднаразова – і ў якасці тысячніка на жніве ў бягучым годзе (у экіпажы з І.А. Панцюком), і ў мінулыя гады экіпаж у гэтым жа складзе неаднаразова быў адным з першых тысячнікаў, і на веснавой сяўбе таксама добра адзначыўся. Ды ўвогуле, Юрый Вячаслававіч на добрым рахунку ў гаспадарцы – і работнік старанны, і чалавек адказны.
У эксбазе «Стралічава» Ю.В. Шрамко працуе з 2002 года. Да любой работы здатны і любую выконвае выдатна, і не толькі на ўборачнай паказвае добрыя вынікі, але і на працягу ўсяго года. Падрыхтаваць тэхніку, адрамантаваць, калі што патрэбна, унесці мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, а потым і глебу рыхтаваць да сяўбы – усіх работ у сельскай гаспадарцы і не пералічыш.
Нягледзячы на ўсе падзякі і заслугі дома Юрый Вячаслававіч – любячы муж і клапатлівы бацька траіх дзяцей, якія з гордасцю адносяцца да бацькоўскіх працоўных перамог.

img_7419ТАЦЦЯНА ШЧОГАЛЕВА
Фотаздымак гэтай руплівай жанчыны нядаўна ўпрыгожваў старонку нашай газеты. Па выніках 2015 года яна атрымала званне лепшага работніка сельскай гаспадаркі і каштоўны падарунак, а цяпер фотаздымак брыгадзіра Езапоўскай фермы КСУП «Судкова» красуецца на Дошцы гонару. Гэта ж як трэба працаваць і якія высокія паказчыкі атрымліваць, каб пераўзысці немалую колькасць працуючых на малочнатаварных фермах даярак!
Да кар’ернага павышэння, пяць гадоў назад, жанчына 12 гадоў работала аператарам машыннага даення і зарэкамендавала сябе як адказны спецыяліст. Увогуле прафесійны стаж у сельскай гаспадарцы складае 17 гадоў.
Гэтымі днямі Таццяна Уладзімі-раўна знаходзіцца на адпачынку, які праводзіць у родным Езапове. Хаця і дома жанчыне хапае клопатаў. Зусім нядаўна яна праводзіла ў армію старшага сына Уладзіслава. Хлопец служыць у паветрана-дэсантных войсках. Хваляванне за свайго першынца чытаецца па матуліных вачах нягледзячы на шчырую ўсмешку. Тым больш, што праз год па слядах брата пойдзе ў армію другі сын Таццяны Уладзіміраўны – Станіслаў. Зараз хлопец вучыцца ў Хойніцкім прафесійным ліцэі. Самая малодшая ў сям’і – дачка Вераніка вучыцца ў 7 класе першай гарадской школы.

kotokАЛЕНА КАТОК
Няспынна на працягу 32 гадоў у Хойніцкай раённай ветэрынарнай станцыі працуе ўрач-эпізаатолаг Алена Іванаўна Каток. У абавязкі вопытнага работніка ўваходзіць кантроль за вірусалагічнай сітуацыяй у раёне. Але гэтым работа спецыяліста не абмяжоўваецца. Адказная пасада вымушае прысвячаць значную частку рабочага часу на афармленне дакументаў і іншыя «папяровыя» справы.
Алену Іванаўну вельмі шануюць у калектыве. Пра гэта сведчыць адзін яркі прыклад. Прыемную і не менш хвалюючую навіну пра тое, што імя А.І. Каток будзе занесена сёлета на раённую Дошку гонару, жанчына пачула, знаходзячыся ў бальніцы – адбыліся праблемы са здароўем (як сапраўдная жанчына і моцная духам асоба, Алена Іванаўна не нагружае расказамі пра свае праблемы знаёмых). Яе калегі не маглі дачакацца, каб парадаваць прафесіянала сваёй справы з такой вялікай падзеяй і прыйшлі павіншаваць урача-эпізаатолага адразу ў палату. Успамінаючы гэта, Алена Іванаўна не можа стрымаць удзячную ўсмешку.
Усе нюансы сваёй работы эпізаатолаг А.І. Каток прымае блізка да сэрца. Можа, з-за гэтага менавіта з левага боку на беласнежным доктарскім халаце нашыты блакітнымі літарамі «Ветслужба».

imageВАСІЛІЙ ЛАГВІНЕНКА
Сярод працаўнікоў, якімі ганарыцца хойніцкая зямля, – Васілій Пятровіч Лагвіненка – вадзіцель аўтамабіля МАЗ-555142 КСУП «Аравічы». Вадзіцель-тысячнік у гэтым годзе другім перасягнуў рубеж у тысячу тон на адвозцы збожжа ад камбайнаў. За свой велізарны працоўны стаж, 27 гадоў з якога ён адпрацаваў камбайнерам, для Васілія Пятровіча гэта ўжо не першая асабістая перамога – высокіх вынікаў ён дамагаецца з году ў год. У яго паслужным спісе не адна ўзнагарода за добрасумленную і ўдарную працу. Васілій Пятровіч двойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
Заслужаны работнік у калектыве карыстаецца павагай, малодшыя калегі бяруць з яго прыклад і імкнуцца дасягнуць такіх жа вынікаў, а кіраўніцтва адзначае яго толькі з найлепшага боку. Вадзіцель-перадавік лічыць, што жніво – справа асабліва важная. Праца ягоная не з лёгкіх. Аднак, па словах Васілія Пятровіча, яму не прывыкаць. Тым больш што ён нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці.
Зараз В.П. Лагвіненка жыве ў аграгарадку Судкова, разам з жонкай Наталляй Цярэнцьеўнай трымаюць гаспадарку, дачка жыве і працуе ў Мінску.
Сакрэт поспеху Васілія Пятровича просты: высокая адказнасць за даручаную справу плюс тэхнічная гатоўнасць аўтамашыны.

Матэрыялы падрыхтавалі Вольга БЕЛАШ, Алена СМУСЯНОК, Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *