Міласэрная, добрая, светлая

Людзі і лёсы Медыцына і здароўе

img_8427А яшчэ чуллівая, добразычлівая, тактоўная – гэтымі і многімі іншымі станоўчымі эпітэтамі з лёгкасцю ўзнагароджваю неўролага цэнтральнай раённай бальніцы Святлану Вадзімаўну Бачынскую. Яна сапраўдны прафесіянал, урач па прызванню, дастойна займаючы сваё месца ў нялёгкай справе – дапамагаць людзям.
Па сваёй прыроднай сціпласці гераіня гэтых радкоў пазбягае залішняй пахвалы, тлумачыць гэта тым, што проста робіць сваю работу і імкнецца як мага якасней выконваць урачэбныя абавязкі. Палягчаючы боль, пазбаўляючы пацыентаў ад путаў хваробы, яна імкнецца застацца ўбаку ад гучных слоў.
Святлана Вадзімаўна вельмі дапытліва і карпатліва вывучае кожную гісторыю хваробы, строга кантралюе, як пацыенты выконваюць прадпісанні доктара, вызначае праблемы не толькі па сваёй спецыялізацыі, а нават звязаныя з хваробай іншыя акалічнасці. Да такога ўрача хутка з’яўляецца давер, пачуццё камфорту і бяспекі. Пасля звароту да яе адчуваеш, што з дапамогай такога спецыяліста хвароба адступіць. Доктар заўсёды гатова адказаць на любыя хвалюючыя пытанні і абавязкова знойдзе хвілінку ў загружаным рабочым графіку, каб падтрымаць пацыента. І, галоўнае, як сапраўдны ўрач, заўсёды зможа дапамагчы.
Прафесійны стаж неўролага С.В. Бачынскай складае 15 гадоў. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта паехала працаваць у Брагін, куды ўрача-інтэрна накіравалі на так званую адпрацоўку. Праз два гады вярнулася на малую радзіму – у Хойнікі.
На шчасце самога маладога спецыяліста, яна пачала рабіць першыя крокі ў прафесіі адразу па выбранай спецыялізацыі – неўралогіі. Дарэчы, гэты накірунак некалькі гадоў раней выбрала і старшая сястра Аліна, якая зараз працуе па профілю ў Мінску.
Паралельна з напружанай работай гэта абаяльная жанчына выхоўвае разам з мужам дваіх дзетак, сына Вячаслава і дачку Варвару.
Пажадаю Святлане Вадзімаўне таго, чаго яна сама жадае сваім пацыентам: моцнага здароўя, радасці сямейнай і жаночай, міру і дабрабыту. Вялікі Вам дзякуй!

В.М. Вяракса, г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *