Пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН


15 кастрычніка тры навучальныя ўстановы раёна трымалі справаздачу па выкарыстанню фінансавых сродкаў, прадастаўленых у рамках сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Мінімізацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Гасцямі мерапрыемстваў сталі кіраўнік праекта А. Пінігін і фінансавы менеджэр праекта Ю. Кніга (г. Мінск), кіраўнік Гомельскага офіса праекта С. Кажамякін, а таксама каардынатары праектаў з Веткі, Буда-Кашалёва, Жыткавіч.

У Казялужскай сярэдняй школе, якая прадстаўляла праектную ініцыятыву “Энергазберагаючыя тэхналогіі – у жыццё”, на выдзеленыя 39948750 рублёў замянілі на першым і другім паверхах старыя вокны.
Дырэктар школы С.І. Барысенка правяла гасцей па класах, дзе вучні паказалі невялікі канцэрт з прыпевак, танцаў, вершаў на тэму дня – энергазберажэння.  Дзеці расказвалі, што ў класах стала цяплей, святлей, утульней. Затым у актавай зале словы падзякі ў свой адрас атрымалі самыя актыўныя вучні, бацькі і настаўнікі, якія прыклалі шмат намаганняў пры рэалізацыі праекта. Падзяку атрымалі таксама кіраўнік праекта А. Пінігін і каардынатары праекта па Хойніцкаму раёну  В. Каток і У. Дубікоўскі.




У гарадской гімназіі гасцей сустракалі вершамі і караваем. Праектная ініцыятыва гэтай навучальнай установы “Энергазберажэнне ў школе – доўгатэрміновы ўклад у будучыню” заклікана арыентаваць вучняў, іх бацькоў і мясцовае насельніцтва на набыццё практычных навыкаў у галіне эканоміі і беражлівасці энергарэсурсаў. У межах абароненага праекта гімназіі было выдзелена 22145175 рублёў на ўстаноўку энергазберагаючых радыятараў ацяплення ў класах, а гэта значна павысіла тэмпературны рэжым.
У час экскурсіі па гімназіі расказвалася аб асноўных метадах эканоміі вады, цяпла, газу, была паказана павучальная казка на новы лад. Падвядзенне вынікаў рэалізаванага праекта прайшло ў актавай зале пад тэматычныя песні, вершы, відэасуправаджэнне. Сваё меркаванне ўбачанага выказалі і госці мерапрыемства.





Праектная ініцыятыва Паселіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы “Садзейнічанне развіццю актыўнай жыццёвай пазіцыі, здаровага ладу жыцця вясковай моладзі праз заняткі фізічнай культурай і спортам” накіравана на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, сямейнага актыўнага адпачынку ў сельскай мясцовасці. На яе рэалізацыю ЕС/ПРААН выдзеліла амаль 36 мільёнаў рублёў. На гэтыя сродкі была палепшана спартыўна-матэрыяльная база сада-школы: устаноўлены вокны і дзверы ПВХ у спартыўнай зале, набыта мультымедыйная ўстаноўка, закуплена турыстычнае начыненне, лыжная экіпіроўка, мячы і іншы спартыўны інвентар. Спартыўныя пляцоўкі былі абсталяваны каля школы і ў вёсцы Лісцвін.
Свае спартыўныя здольнасці вучні прадэманстравалі ў пераабсталяванай спартыўнай зале і на спартыўных пляцоўках школы. Пры падвядзенні вынікаў у актавай зале асабістая падзяка была выказана дырэктару КСУП “Веляцін” Р.А. Гардзейчыку, старшыні Паселіцкага сельскага Савета Л.М. Зелянкоўскай, упаўнаважанаму в. Веляцін С.А. Крысенка за дапамогу і садзейнічанне ў рэалізацыі праектнай ініцыятывы.



Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *