Заканчваецца збор подпісаў


Пакуль адны патэнцыяльныя кандыдаты на пасаду  Прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь выбываюць з перадвыбарнай гонкі, другія заяўляюць аб пераадоленні запаветнай мяжы ў 100 тыс. подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Хоць у Цэнтрвыбаркаме нагадваюць, што назваць дакладную колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку таго ці іншага патэнцыяльнага кандыдата, можна будзе пасля таго, як ЦВК атрымае афіцыйныя даныя з абласцей і Мінска.

Тэхналогія падліку подпісаў такая: ініцыятыўная група збірае подпісы і перадае падпісныя лісты ў раённую выбарчую камісію па месцы збору подпісаў. Камісія на працягу 10 дзён правярае дакладнасць подпісаў. Калі колькасць недакладных подпісаў, выяўленых пры праверцы, не перавышае 15%, інфармацыя перадаецца далей у абласную камісію. Яна збірае даныя з усёй вобласці і перадае ў ЦВК. Калі недакладных подпісаў больш як 15%, то ўсе подпісы, сабраныя ў раёне, прызнаюцца недакладнымі. 

 Апошні дзень для прадастаўлення падпісных лістоў у тэрытарыяльныя камісіі – 29 кастрычніка. Адразу пасля гэтага (з 30 кастрычніка па 13 лістапада) патэнцыяльныя кандыдаты павінны прадаставіць у ЦВК пісьмовую заяву аб згодзе балаціравацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі данымі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць разам з ім і вядуць агульную гаспадарку).

Паводле слоў сакратара Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалая Лазавіка, Цэнтрвыбаркам будзе імкнуцца да таго, каб зарэгістраваць кандыдатаў за месяц да выбараў (гэта значыць да 19 лістапада), каб у іх засталося дастаткова часу на правядзенне агітацыйнай кампаніі.



БЕЛТА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *