Праблемы – на паверхню


21 кастрычніка – у адзіны дзень інфармавання па тэме “Усебеларускі народны сход – адна з важнейшых форм народаўладдзя” адбыліся сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп пад старшынствам кіраўніка раёна А.В. Бічана з жыхарамі в. Стралічава і пад старшынствам  старшыні райсавета дэпутатаў  Г.В. Бондар з жыхарамі в. Небытаў і Казялужжа.

У пачатку  паведамлена, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2005-2010 гады, прынятая на ІІІ Усебеларускім народным  сходзе, выконваецца ў поўным аб’ёме. Ператвараецца ў жыццё тэзіс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Дзяржава для народа”, як новая ступень развіцця сацыяльнай дзяржавы, якая дзейнічае на карысць народа. Дадзена таксама інфармацыя аб дынамічным развіцці нашага раёна ў бягучай пяцігодцы.
СТРАЛІЧАВА     Усё, што датычыла жыцця горада і раёна ў цэлым, вяскоўцы выслухалі ўважліва. А калі гаворка пайшла адносна Стралічава, актыўна ўключыліся ў размову. Калектыўны інтарэс быў накіраваны ў першую чаргу на ўзнаўленне работы зубнога кабінета ў мясцовай амбулаторыі, прыезду ў іх населены пункт у вызначаны дзень лабаранта з ЦРБ для ўзяцця аналізаў, пераходу на поўную стаўку ўрача¬-оталарынголага ў ЦРБ і адпаведна ўстанаўлення пачатку яго работы не з 10.00, як цяпер, а з 8.00, бо трапіць на прыём жадаючых зашмат.

Наконт будаўніцтва лазні ў Стралічава кіраўнік раёна А.В. Бічан спачатку расказаў, як не павінна выкарыстоўвацца лазня на прыкладзе в. Глінішча. Там на яе будаўніцтва затрачана больш за 800 млн. руб. дзяржаўных сродкаў, а мыцца ходзяць у выхадны дзень каля 15 чалавек. Узнікае пытанне: ці трэба было ўводзіць у строй лазню?

Пры гэтым растлумачана, што не ўсе мерапрыемствы ў рамках будаўніцтва аграгарадка ў 2008 годзе в. Стралічава ўдалося прафінансаваць. Каб завяршыць усё намечанае, на 2011-2015 гады распрацаваны неабходныя мерапрыемствы, згодна з якімі ў Стралічава прадугледжваецца забяспечыць усё насельніцтва пітной вадой, пабудаваць станцыю абезжалезвання, лазню.

Цікавіліся людзі, ці магчыма атрымаць камунальнае жыллё, у якім  прапісаныя  доўгі час не пражываюць, якая працэдура атрымання ордэна Маці, ці магчыма прыцягнуць да адказнасці нідзе не працуючых грамадзян. Людзі актыўна выступалі ў абарону сваёй вёскі, насельніцтва якой пасля аварыі на ЧАЭС значна папоўнілася за кошт прыезжых з розных рэспублік былога СССР. Усім прадаставілі жыллё, далі магчымасць зарабляць на хлеб.  І сёння ад іх павінна быць аддача, асабліва ў захаванні тэхналогіі вытворчасці сельгаспрадукцыі.

Толькі добрасумленныя адносіны да справы, толькі  цёплыя адносіны адзін да аднаго, такія, як адрасаваліся самадзейным артыстам  Стралічаўскага цэнтра вольнага часу пасля прыезду ІПГ, дазволяць навесці парадак у нашым агульным доме.



Ірына ВАСІЛЬЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *