Цана гарэлкі – дзеці!


Вялікая ўвага ў нашым раёне надаецца рабоце з неспрыяльнымі сем’ямі. Дэкрэт №18, прыняты ў 2006 годзе, закліканы каардынаваць работу ў гэтым напрамку. На жаль, для некаторых нядбайных  бацькоў гарэлка, а з ёй і асацыяльныя паводзіны выходзяць на першы план, без увагі  застаюцца дзеці, клопат аб якіх бярэ на сябе дзяржава.

Як расказала метадыст па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Г.В. Моўчан, састаіць на ўліку сацыяльна-небяспечных 51 сям’я, у якой выхоўваецца 112 непаўналетніх. Усяго абавязаных асоб у раёне налічваецца 101 чалавек. У сярэднім  у год пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў 15 чалавек, асноўнай прычынай з’яўляецца менавіта п’янства. За 10 месяцаў бягучага года аформлена 14 спраў на пазбаўленне  бацькоўскіх правоў у адносінах 19 непаўналетніх. 4 дзіцяці змешчаны ў Гомельскі абласны Дом дзіцяці, астатнія ўладкаваны ў апякунскія і прыёмныя сем’і раёна. 

Так, не жадае станавіцца на шлях выпраўлення 26-гадовая Анастасія Чатырка з вёскі Судкова, працягваючы праводзіць час у п’янках разам са сваім сужыцелем. Хлопчыка, якога яна нарадзіла ў красавіку гэтага года, ужо два разы забіралі ў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы, таму што бацькі былі п’яныя. Кантроль за гора-маці ўзмоцнены, яна папярэджана, што пры далейшых п’янках згодна з   Дэкрэтам № 18  пазбавіцца сына назаўсёды.
Надзежда Фурс, 1966 года нараджэння, з вёскі Стралічава з 1997-га па 2005 год нарадзіла 5 дзяцей. Нарадзіла, але не выхоўвае. Атрымаўшы ў гэтым месяцы пенсію на дзяцей, бацька якіх памёр, усю яе прапіла. Пры гэтым на ёй “вісіць” запазычанасць за кватэру ў памеры 700 тысяч рублёў. Аднак аб гэтым думаць жанчыне некалі. У чэрвені бягучага года дзеці прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна-небяспечным стане, а таму ў бліжэйшы час будуць адабраны і змешчаны ў Барысаўшчанскі прытулак да вырашэння пытання.

Хвалюе  становішча ў сям’і 30-гадовай Святланы Мінчык са Звяняцкага, нарадзіўшай 5 дзяцей, якія ходзяць у школу.  Дзяцей забіралі ў прытулак 4 разы, кожны раз Мінчык  клятвенна абяцала выправіцца, не піць, навесці парадак у хаце. Але зноў была заўважана ва злоўжыванні спіртных напіткаў.

29-гадовая хайнічанка Людміла Хіхлун у маі бягучага года пазбаўлена бацькоўскіх правоў на сваю дачку, якая раней была забрана ў Барысаўшчанскі прытулак. Аднак такія жорсткія меры нічаму жанчыну не навучылі. З’яўляючыся абавязанай асобай,  кожны месяц пасля атрымання зарплаты запівае, не выходзіць на работу.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *