Спыняюць вытокі спіртных рэк

Законнасць і парадак

Штогод адзін раз у месяц у раёне праводзяцца дэкады па выяўленню незаконнага абароту спіртаўтрымліваючай вадкасці, у тым ліку алкагольных напіткаў уласнай вытворчасці. Звычайна аматары радуючых душу напояў і тыя, хто на слабасці іншых робіць нелегальны бізнес, у гэты час знаходзяцца ў стане, мякка сказаць, шоку, зазначае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, капітан міліцыі Д.А. КАЎРОЎ.

Праваахоўнікі падышлі да гэтага кантынгенту ўшчыльную. Рэйды з удзелам максімальнай колькасці супрацоўнікаў служб міліцыі, Дэпартамента аховы, аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі даюць вынікі. З пачатку сёлетняга года адбылося 337 выпадкаў добраахвотнага знішчэння самагоннай брагі, спынена 7 фактаў рэалізацыі самагону ўласнай вытворчасці.

Ужо ў першыя дні апошняй дэкады, якая праводзілася з 12 па 21 кастрычніка, затрыманы па гарачых слядах нідзе не працуючы жыхар горада (вул. Калесніка, 23) У.К. Клімянок, 1959 года нараджэння, пры рэалізацыі паўлітра самагону па цане 5 тысяч рублёў. За здзяйсненнем падобнага быў спынены і жыхар вул. Пралетарская А.М. Чэкан, 1938 года нараджэння, пенсіянер.

На вачах “гаспадароў” і відавочцаў, якія маюць самыя пяшчотныя пачуцці да падобных напіткаў, адбывалася добраахвотнае знішчэнне соцень літраў вадкасці, якая бударажыць кроў. 140 літраў самагоннай брагі давялося знішчыць жыхару райцэнтра (вул. А. Кашавога) П.Т. Дашуку, 90 літраў знішчыў жыхар вёскі Вялікі Бор У.В. Кот.

Але на гэтым карныя меры не закончыліся. Парушальнікі прыцягнуты да адказнасці.

У важнай справе могуць апасрэдавана прыняць удзел і жыхары нашага раёна. Калі вам вядомы факты незаконнага абароту спіртаўтрымліваючай вадкасці, самагонаварэння і рэалізацыі самагону, просьба паведаміць па нумары 102 або на “гарачую лінію” ППСМ УУС Гомельскага аблвыканкама па тэл. 8(0232) 46-44-44.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *