Падвялі вынікі работы ў сельскай гаспадарцы

Сельское хозяйство

На гэтым тыдні, у аўторак, на базе гаспадарак і прадпрыемстваў нашага раёна адбыўся абласны семінар-нарада па выніках работы галіны жывёлагадоўлі і выкананню прагнозных паказчыкаў за студзень-верасень 2010 года. Удзел у ім прынялі  старшыні раённых выканаўчых камітэтаў, начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, кіраўнікі абласных служб.

У першай палове дня ўдзельнікі семінара-нарады наведалі КСУП “Судкова”, дзе пазнаёміліся з умовамі захоўвання бульбы ў гароднінасховішчы, арганізацыяй правядзення зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарцы. У КСУП “Аравічы” наведалі пункт тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства С.В. Дрозд расказаў, як арганізаваны рамонт  тэхнікі да веснавых палявых работ, а на Віцьеўскай малочнатаварнай ферме ўдзельнікам семінара-нарады была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца  з паточна-цэхавай сістэмай вытворчасці малака, арганізацыяй правядзення ацёлаў кароў і нецеляў. Тлумачэнні давалі кіраўнік гаспадаркі і намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А.П. Махнавец.

У КСУП імя Мележа яго дырэктар В.М. Каральчук паведаміў, як арганізаваны рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, пабывалі ўдзельнікі семінара-нарады на пункце тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі, на новым жывёлагадоўчым комплексе, дзе ўстаноўлена відэаназіранне.

У г. Хойнікі наведалі гарадскі парк, краязнаўчы музей, стадыён, Дом абрадаў. У фае раённага Дома культуры была арганізавана выстаўка прадукцыі прадпрыемстваў Хойнікшчыны: завода гідраапаратуры, рамзавода, дрэваапрацоўчага камбіната, фабрыкі мастацкіх вырабаў, Каапнарыхтпрама, ПУП “Палескія сыры”, ТДА “ПірамСервіс”.

  Пры падвядзенні вынікаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта А.С. Якабсон адзначыў, што ў нашым раёне праводзіцца сістэмная работа па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. І асабліва там, дзе ў свой час былі ўкладзены вялікія сродкі – аграгарадку Глінішча. Гэта прывучае людзей да культуры, там, дзе падтрымліваецца належны парадак, дзе прыемна выйсці на вуліцу, мяняецца і мысленне насельніцтва.
 Радуе і хойніцкае ноу-хау – гароднінасховішча ў КСУП “Судкова”. Проста, даступна, танна.

 Аб выніках работы галіны жывёлагадоўлі за 9 месяцаў бягучага года далажыў пры разборы формы-24 намеснік старшыні па жывёлагадоўлі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гомельскага аблвыканкама Л.У. Лазута, аб эканамічных выніках работы аграпрамысловага комплексу – намеснік старшыні камітэта Т.В. Ганчар. Начальнік землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама А.В. Матарас праінфармаваў, што зроблена ў вобласці па добраўпарадкаванню машынных двароў і ферм, а намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя У.В. Усаў – аб ходзе рэалізацыі абласнога і тэрытарыяльных планаў мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў вобласці за  9 месяцаў 2010 года і выкананню даручэнняў намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.М. Бамбізы.

Заслуханы справаздачы старшынь Хойніцкага і Кармянскага раённых выканаўчых камітэтаў А.В. Бічана і І.А. Назаранкі аб выніках работы ў галіне жывёлагадоўлі і выкананні прагнозных паказчыкаў гэтага года.
На семінары-нарадзе падкрэслівалася, што ў жывёлагадоўлі важныя якасныя паказчыкі, але мінус у колькасных падобны міне запаволенага дзеяння, ён гаворыць аб тым, што прагнозныя паказчыкі наступнага года будуць правалены. Тым больш, што з наступнага года будзе ўлічвацца толькі грамадскі сектар. І будучы прагноз патрэбна будаваць ужо сёння.

Пастаўлена задача ў кожным сельгаспрадпрыемстве мець будаўнічую брыгаду, з наступнага года будзе выдзяляцца будаўнічая тэхніка, у тым ліку і па лізінгу.
Нямала зроблена ў галіне раслінаводства, але, як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама А.В. Баранаў, 25 працэнтаў зямлі не запатрабавана на ўраджай, а калі і запатрабавана, то знаходзіцца ў дрэнным стане. Вырашана пры кожным разборы 24-й формы ў абавязковым парадку разглядваць і пытанні землекарыстання, навядзення парадку на зямлі.



Уладзімір СЯМЕНАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *