Сцяжынкай залатой восені


Золкі вецер і касыя струны дажджу. На голай галінцы яблыні надзьмуўся верабей, як напамінак аб тым, што неўзабаве залепіць мокрым снегам, прыцісне мароз. Якое тут вачэй замілаванне? Магчыма, на некага такі восеньскі пейзаж наводзіць сум, толькі не на Яўгенію Антонаўну Максімовіч, жыхарку нашага горада. Колькі  ведаю яе, заўсёды жыццярадасная, прыветная, гаваркая.

 А ў жыцці ж усякага дасталося: хварэла, праводзіла ў апошні шлях  дарагіх і блізкіх людзей, дачку ледзьве не страціла. Але не ачарсцвела сэрцам. Наадварот, перанесенае загартавала характар, зрабіла неабыякавай да чужога гора і праблем. Ніколі не адмовіла ў дапамозе чалавеку. І зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не забывае таварышаў па працы: наведае хворых, павіншуе з днём нараджэння, са святам.
Ад суседкі па дачнаму ўчастку, які знаходзіцца па вуліцы Берагавога, М. Машэўскай пачула я нямала добрых слоў аб Яўгеніі Антонаўне.

– Калі яна прыходзіць – гэта, як свята для нас.  Заўсёды вясёлая, здаецца, усіх заражае сваім аптымізмам. Паспявае і з работай справіцца, і з людзьмі пагутарыць. Яна выдатны кандытар, не раз каштавалі яе смачныя пачастункі. Бульбу, бурачкі, моркву вырошчвае сама. Вяртаючыся ўлетку дадому з агарода ў сваю кватэру, ніколі не праміне ўзяць ягадак, яблычак, каб дзяцей пачаставаць.

Амаль сорак год адпрацавала Яўгенія Антонаўна ў АТУП № 14 білетным касірам, з якіх пятнаццаць год узначальвала прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства. Пад кіраўніцтвам старшыні прафкама арганізоўвалася шмат цікавых мерапрыемстваў, яна была ініцыятарам стварэння калектыва мастацкай самадзейнасці. Ні адзін канцэрт не абыходзіўся без удзелу Яўгеніі Антонаўны. З цудоўным голасам, тонкім музычным слыхам, веданнем песень, баек, жартаў.
Прыветная, інтэлігентная, яна заўсёды была душой кампаніі, з ёю можна было арганізаваць і дабрачынную акцыю, і выдатны сюрпрыз сябрам.  Сёння, знаходзячыся на пенсіі, не парывае сувязей з калектывам, у якім прайшла ўся яе працоўная дзейнасць. Да прыкладу, у Дзень беларускага пісьменства запрасіла адміністрацыя Яўгенію Антонаўну Максімовіч на ўрачыстае адкрыццё адрамантаванай аўтастанцыі, дзе яна выступіла.

Яўгенія Антонаўна нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. Дачка Тамара доўгі час працавала ў Хойніцкім райкаме камсамола, зараз жыве з сям’ёй у горадзе Жодзіна. Святлана – зубны тэхнік у Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а сын Сяргей працуе вадзіцелем у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

– Вялікае шчасце для мяне ўнукі, – гаворыць Яўгенія Антонаўна. – Старэйшыя ўжо студэнты БДУ  і  БНТУ. Дачакалася і праўнукаў. Кажуць, старасць – не радасць. А я лічу, што гэта залежыць ад самога чалавека. Мае гады – маё багацце, удзячна лёсу за іх і спадзяюся, што ён падорыць мне доўгі век, бо столькі яшчэ хочацца зрабіць, дапамагчы родным і блізкім. Хіба ж не цікава ўбачыць, якіх нявестак прывядуць у бацькоўскі дом праўнукі?..
Толькі па добраму можна пазайздросціць гэтай жанчыне. Бо няма ў жыцці нічога горшага, як страта інтарэсу да акаляючага свету, адчуванне сваёй непатрэбнасці, як гэта даволі часта бывае ў пажылых людзей. Паўнакроўнае і насычанае яно ў Яўгеніі Антонаўны. І крочыць яна па сцяжынцы сваёй восені, акружаная цеплынёй, увагай і любоўю дзяцей, унукаў і праўнукаў, упэўнена і аптымістычна.


Лілія КРАЎЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *