Са святам павіншаваў міністр


У падпарадкаванне Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь уваходзіць аўтамабільны, авіяцыйны, чыгуначны, водны транспарт і дарожная гаспадарка. 210 тысяч чалавек занята ў гэтай важнай галіне народнай гаспадаркі. І тым не менш міністр транспарту і камунікацый І.І. Шчэрба знайшоў час, каб напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў наведаць наш раён і сустрэцца з калектывам  філіяла № 14 ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Міністра і суправаджаючых яго афіцыйных асоб сустракаў старшыня райвыканкама А.В. Бічан  і дырэктар аўтапрадпрыемства В.А. Гайкоў, які далажыў аб стане спраў ва ўзначальваемым ім калектыве.

У філіяле № 14 сабраліся працаўнікі і запрошаныя на сустрэчу ветэраны. Тая інфармацыя, якую яны атрымалі ад міністра, цікавая не толькі для транспартнікаў, але і для кожнага грамадзяніна нашай краіны, які хоча жыць і працаваць у моцнай і працвітаючай Беларусі.  Сёння транспарт рэспублікі забяспечвае ўсе перавозкі пасажыраў і грузаў. У апошнія сем год адбывалася зніжэнне пасажыраперавозак. Асноўная прычына – “аўтамабілізацыя насельніцтва”. Тое ж датычыць і чыгуначнага. Аднак сёлета падзенне спынена, а ў авіяцыйным назіраецца і рост пасажыраперавозак пасля абнаўлення авіяпарку на тэхніку амерыканскай і канадскай вытворчасці. Калі два гады назад перавозілася за год 500 тысяч пасажыраў, то зараз каля мільёна. У наступныя тры гады прадугледжваецца давесці гэтую лічбу да 3,5 мільёна.

Прынята рашэнне аб развіцці нацыянальнага авіяпорта, будзе будавацца другая ўзлётна-пасадачная паласа і міжнародны транзітны тэрмінал, практычна новы авіяпорт, куды патрэбна ўкласці 600 мільёнаў долараў інвестыцый.
Па чыгуначнаму транспарту распрацавана праграма па рэканструкцыі, мадэрнізацыі і стварэнню скораснай і хуткаскораснай дарог.

Далейшае развіццё ў наступнай пяцігодцы атрымае дарожная гаспадарка. Усе рэспубліканскія аўтадарогі, злучаючыя сталіцу з абласнымі цэнтрамі, будуць пераведзены ў першую катэгорыю (чатырохпалосны рух, не менш 2 палос у адным напрамку) і давядзенне скораснага рэжыму на іх як мінімум да 120 км у гадзіну. Што датычыць “малых” дарог, як Хойнікі-Рэчыца-Светлагорск-Бабруйск, яны таксама пад увагай міністэрства.
Вельмі правільным і апраўданым было рашэнне кіраўніка нашай дзяржавы аб дзесяціпрацэнтным абнаўленні рухомага аўтамабільнага саставу за кошт збору мясцовых сродкаў. Гэтая работа працягваецца і цяпер, і гэта відаць па той тэхніцы, якая ў філіяле №14, а ў Мінскай вобласці аўтамабілі і аўтобусы цяпер не старэй трох год эксплуатацыі.

Міністэрствам транспарту і камунікацый забяспечваецца безумоўнае выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў усімі відамі транспарту. “Каб захаваць калектыў, свой імідж, забяспечыць людзей дастойнай зарплатай, хойніцкім аўтамабілістам, – сказаў І.М. Шчэрба, – патрэбна ў агульным аб’ёме работ забяспечыць 25-працэнтны ўклад відаў іх дадатковай дзейнасці”. У прыватнасці прапрацоўваецца пытанне адкрыцця станцыі дыягностыкі легкавых аўтамабіляў.

“Выконваючы сваю справу, – падкрэсліў міністр, – мы заўсёды павінны памятаць, што нясём вялікую адказнасць за бяспеку нашых людзей і тых, хто сустракаецца ў шляху”.
Для ўсіх вельмі важныя парадак і спакой у краіне, а таму на маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь трэба добра падумаць, за каго аддаць свой голас, а напярэдадні Усебеларускага народнага сходу ёсць і ўнікальная магчымасць па тэлефону задаць сваё пытанне кіраўніку дзяржавы.

Іван Іванавіч Шчэрба сардэчна павіншаваў аўтатранспартнікаў з іх прафесійным святам, пажадаў здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх добрых справах і задумах. Ветэраны калектыву атрымалі падарункі, якія падрыхтаваў для іх генеральны дырэктар ААТ “Гомельаблаўтатранс” А.Л. Драпеза. Ад імя ветэранаў і ўсіх прысутных памятны сувенір прыпаднесла і падзякавала міністру транспарту і камунікацый І.І. Шчэрбу Яўгенія Антонаўна Максімовіч.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *