Давер трэба апраўдваць


У другі раз выбаршчыкі аказалі мне вялікі давер быць дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Значыць, спадзяюцца на тое, што не падвяду. Дзейнасць у органе мясцовай улады лічу неад’емнай часткай свайго працоўнага і асабістага жыцця. Хаця існуюць пэўныя дні і гадзіны прыёму выбаршчыкаў, гатовы выслухаць іх заўвагі,  прапановы ў зручны для людзей час. А ўвогуле месцам прыёму выбаршчыкаў маёй акругі лічыцца памяшканне ДПТВ-183.

Магу адзначыць, што характар зваротаў выбаршчыкаў у маё першае дэпутацкае скліканне і другое кардынальным чынам адрозніваецца. Калі раней людзі прасілі вырашыць жыллёва-камунальныя пытанні, то зараз колькасць такіх запытаў значна зменшылася. Відавочна змянілася ў лепшы бок аблічча вуліц, якія ўваходзяць у маю выбарчую акругу, ды і калектывам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” многае зроблена па добраўпарадкаванню, істотна іншы падыход да выканання заявак грамадзян.

У чэрвені сёлета прыняў удзел у сходзе жыхароў, на якім былі выбраны ўпаўнаважаныя па маёй акрузе. Гэта людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, якім пад сілу вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, сумесна з імі намераны працаваць як дэпутат.

Прадстаўнікамі мясцовага самакіравання ўздымалася пытанне арганізацыі належнага асвятлення па вул. Калесніка, яно вырашана.

Нядаўна да мяне звярнуўся выбаршчык, таксама з вуліцы Калесніка, дом №17а. Выйшла так, што пры падрыхтоўцы да друку тэлефоннага даведніка па тэхнічных прычынах адбылася памылка. І нумар яго тэлефона 3-09-26 указаны як дамашні і як нумар цэнтральнай раённай бібліятэкі. Па гэтай прычыне чалавек пажылога ўзросту выпрабоўвае вялікія нязручнасці. Памылка будзе выпраўлена пры друку наступнай партыі даведніка. А для чытачоў бібліятэкі, якая часова размяшчаецца зараз у памяшканні ГЦКіС “Меліяратар”, хачу паведаміць, што пакуль у ёй тэлефона зусім няма.

 У мінулае скліканне да мяне звярталася многа грамадзян па пытанню ўстаноўкі кватэрнага тэлефона. Можна сказаць, што праблема поўнасцю вырашана – на сённяшні дзень на чарзе састаяць толькі 17 чалавек, з іх 5 у сельскіх населеных пунктах. Зараз больш звяртаюцца людзі з просьбай устанавіць інтэрактыўнае тэлебачанне, думаю, і гэту чаргу хутка разгрузім.



М. МІХАЛЕНКА, начальнік РВЭС, дэпутат райсавета дэпутатаў па Меліярацыйнай выбарчай акрузе № 15.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *