Толькі разам можна навесці парадак


Чарговае пасяджэнне райвыканкома праводзілася з удзелам першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Рэспублікі Беларусь Ю.М. Алымава, начальніка галоўнага ўпраўлення Нацбанка па Гомельскай вобласці В.Д. Калеснікава і старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкома П.М. Савіцкага. Разгледжаны вынікі работы па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі ў 2008 годзе. Мяркуючы па дакладах выступаючых, работа вядзецца немалая. Але, па словах кіраўніка раёна А.В. Бічана, каб бачыць сельскія населеныя пункты чыстымі, вярнуць Хойнікам былую славу зялёнага, утульнага, прыгожага горада, яе яўна недастаткова.




Аб эканамічным становішчы ў краіне расказаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Рэспублікі Беларусь Ю.М. Алымаў. Мала ў якіх краінах свету гарантуецца на дзяржаўным узроўні вяртанне банкаўскіх укладаў грамадзянам на выпадак банкруцтва банкаў. А беларусы маюць такую магчымасць. Каб курсавая палітыка беларускага рубля была стабільнай, трэба аддаваць перавагу пры здзяйсненні пакупак таварам айчыннай вытворчасці, у вялікіх аб’ёмах за кошт крэдытаў весці будаўніцтва. Гэта самыя верныя і надзейныя шляхі выхаду з фінансавага крызісу.



Завершана інвентарызацыя зямельных участкаў у сельскай мясцовасці. Але пустуючых земляў не зменшылася. Не выконваюцца правілы ўтрымання палігонаў цвёрдых бытавых адходаў. А “дапамагаюць” у гэтым нядбайныя гаспадары, якім абы прэч з вачэй смецце. Не хапае тэматычных інфармацыйных аншлагаў, асабліва ў лесе. Замест 118 летась іх было ўстаноўлена толькі 67.

Адна з прычын непрыгляднага віду горада – невыкарыстоўваемыя будынкі і збудаванні. Іх патрэбна прыводзіць у парадак, а тыя, што не падлягаюць эксплуатацыі, зносіць. І забудоўваць вызваленыя плошчы, як напрыклад, узвядзенне двухпавярховага катэджа для прыёмнай сям’і па вул. Савецкай горада.

Стан гарадскіх кантэйнерных пляцовак па збору ТБА пакідае жадаць лепшага. Не на ўсіх іх створаны ўмовы для раздзельнага збору другаснай сыравіны. А гэта ж грошы і нельга іх губляць.

Ідэальна чыста павінна быць і ў пад’ездах, і на вуліцах, і на тэрыторыях прамысловых зон і адміністрацыйных будынкаў. Гэтага правіла павінны прытрымлівацца ў абавязковым парадку індывідуальныя прадпрымальнікі, асабліва тыя, хто арандуе памяшканні ў КБА па вул. Жукава. Сорамна, балюча і крыўдна за тых хайнічан, якія сваімі неабдуманымі паводзінамі і ўчынкамі губяць зробленае. Не паспелі помнік У.І. Леніну абкласці новай пліткай, – разбілі, на агароджы металічнай па вул. Калесніка пакінуў след гора-вадзіцель, дрэва павалілі па вул. Савецкай, 98, акурат на агароджу. Не да твару жыхарам раёна так сябе паводзіць.

Работа па навядзенню парадку на зямлі павінна быць мэтанакіраванай і насіць пастаянны характар. Добраўпарадкаванне многіх будынкаў лясніцтва – гэта плюс лясгасу, а вось прыдарожныя палосы не вызначаюцца парадкам. У напрамку на Вялікі Бор вал убраны, а ўздоўж шляху на Рэчыцу – работы непачаты край.

Трэба павярнуцца тварам да праблемы рэгулявання колькасці дзікіх жывёл на належачых лясгасу паляўнічых угоддзях.

Пры разглядзе парадку работы ТЦСАН па ўдасканаленню форм і метадаў сацыяльнага абслугоўвання розных катэгорый грамадзян старшыня камітэта па працы, занятасці і сацабароне аблвыканкома П.М. Савіцкі рэкамендаваў адкрываць дадатковыя аддзяленні дзённага і кругласутачнага знаходжання інвалідаў. З гэтай мэтай паабяцаў падтрымку ў вырашэнні пытання перадачы ў абласную камунальную ўласнасць былога будынка аддзялення Дэпартамента аховы, што па вул. К. Маркса, 63.

На пасяджэнні райвыканкома таксама былі зацверджаны заданні па развіццю асабістых падсобных гаспадарак.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *