Другое жыццё будынка

Добраўпарадкаванне

Рэканструкцыяй будынка Хойніцкага раённага суда займаецца мінскае таварыства з дадатковай адказнасцю “Юлівер”. А дакладней будзе сказаць – яго рэчыцкі ўчастак.
У бягучым годзе намечана асвоіць 450 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў і можна не сумнявацца ў тым, што будаўнікі паспяхова справяцца з заданнем. Падставы для гэтага даюць набраныя тэмпы работ, якія на аб’екце не заціхаюць нават у выхадныя і святочныя дні.

Расказвае прараб Алег Паўлавіч Саснок:
– Працягваецца рамонт даху, мяккае пакрыццё якога пачалі мяняць на металачарапіцу. Поўным ходам вядзецца ўцяпленне фасада так званай тэрмашубай, у будынку заменены ўсе вокны, зманціраваны новыя сістэмы вентыляцыі, ацяплення, устаноўлены новыя радыятары і трубы, зманціраваны цеплавузел.
Таксама выкананы работы па гідраізаляцыі падвальнага памяшкання, там жа абсталяваны 3 новыя пакоі: камеры для зняволеных, а таксама пакой для тэхперсанала суда.

Словы прараба дапаўняе брыгадзір Павел Леанідавіч Кашын: “Многае зроблена і ў энергазабеспячэнні будынка, у прыватнасці, пракладзены 2 новыя сілавыя кабелі замест старых, заменена і ўся электраправодка.
Наогул, работы па перапланіроўцы ўнутраных памяшканняў таксама занялі нямала часу. Напрыклад, будуць дадаткова абсталяваны яшчэ адзін пакой для суддзі, пакой для сведкаў, а натарыяльныя памяшканні будуць размежаваны ад судовых пакояў. Прадугледжана і аснашчэнне фасаднай часткі пандусам для інвалідаў-калясачнікаў, вялікі аб’ём зоймуць работы па добраўпарадкаванню ўсёй тэрыторыі, якая прылягае непасрэдна да будынка: тут  з’явяцца пешаходныя дарожкі, будзе абсталявана  аўтастаянка”.

На аб’екце пастаянна працуюць не менш 20 чалавек: аддзелачнікі, сантэхнікі, муляры, энергетыкі. Намечаны тэрмін заканчэння работ – верасень 2011 года.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *