Гісторыю не выбіраюць


Заўтра спаўняецца 93 гады з дня рэвалюцыйных падзей у Расіі, якія прывялі да новага этапу развіцця грамадства.

У лютым 1917 года рэвалюцыя змяла царскую манархію. Расія стала самай свабоднай з усіх удзельнічаючых у першай сусветнай вайне краінай. Аднак Часовы урад не апраўдаў надзей народных мас. Восенню 1917-га краіна стаяла перад выбарам не паміж дыктатурай пралетарыята і парламенцкай рэспублікай, а паміж левай і правай дыктатурай. Буйная буржуазія і кадзеты, якія выступалі за працяг вайны і трацілі шанцы ўмацаваць свае пазіцыі дэмакратычным шляхам, пераходзілі да ўсё больш вострых форм барацьбы. Расстрэл ліпеньскай дэманстрацыі ў Петраградзе прыблізіў краіну да новай рэвалюцыі. У выніку яе быў звергнуты Часовы ўрад і да ўлады прыйшоў урад, сфарміраваны ІІ Усерасійскім з’ездам Саветаў, абсалютную большасць дэлегатаў якога складалі бальшавікі і іх саюзнікі левыя эсэры, падтрыманыя некаторымі нацыянальнымі арганізацыямі, невялікай часткай меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў і некаторымі анархістамі. У лістападзе новы ўрад быў падтрыманы большасцю дэлегатаў Надзвычайнага з’езда сялянскіх дэпутатаў.

Часовы ўрад быў звергнуты ў ходзе ўзброенага паўстання 25-26 кастрычніка (7-8 лістапада па новаму стылю). Галоўныя яго арганізатары У.І. Ленін, Л.Д. Троцкі, Я.М. Свярдлоў і іншыя. Сацыялістычная рэвалюцыя, якую пачаў пралетарыят Петраграда, хутка перамагла і ў Беларусі. Апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па вайсковаму радыё паведамілі аб перамозе сацыялістычнай рэвалюцыі ў сталіцы. Чырвонаармейцы-чыгуначнікі  вызвалілі з турмаў салдат, якія былі арыштаваны ўрадам Керанскага за рэвалюцыйныя выступленні. З іх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк. Чырвонагвардзейцы разам з салдатамі гэтага палка занялі чыгуначны вузел, урадавыя і ваенныя ўстановы, пошту, тэлеграф, вайсковыя радыёстанцыі. Мінскі Савет накіраваў туды сваіх камісараў. Загадам №1 Мінскага Савета было аб’яўлена, што ў горадзе ўлада перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Савет звярнуўся да ўсіх рэвалюцыйных арганізацый і палітычных партый з прапановай прыступіць да арганізацыі часовай рэвалюцыйнай улады на месцах.
З 25 кастрычніка па 20 лістапада 1917 года партыя бальшавікоў была не толькі вядучай палітычнай сілай, але і выражала тагачасныя настроі шырокіх народных мас.

Па рознаму сёння ацэньваюць Кастрычніцкую рэвалюцыю. Для адных – гэта нацыянальная катастрофа, якая прывяла да грамадзянскай вайны і ўстанаўлення таталітарнага рэжыму; для другіх – прагрэсіўная падзея ў гісторыі краіны і чалавецтва. Камуністы Беларусі перакананы ў апошнім. І хаця вопыт пабудовы сацыялізму ў СССР і некаторых іншых краінах пацярпеў паражэнне, сацыялістычная ідэя захавалася і будзе развівацца. Пад кіраўніцтвам Камуністычных партый сёння паспяхова развіваюцца, да прыкладу, Кітай і Куба.

Да 1991 года 7 лістапада адзначалася ў СССР як галоўнае свята краіны – Дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі – з ваенным парадам і дэманстрацыяй працоўных на Чырвонай плошчы Масквы, яркімі дэманстрацыямі ў сталіцах саюзных рэспублік і гарадах. З развалам СССР і адлучэннем Кампартыі ад улады ўсяго гэтага не стала.

А ў нашай рэспубліцы да гістарычнай падзеі адносяцца з павагай, і да гэтага часу Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі лічыцца не толькі дзяржаўным святам, але і з’яўляецца выхадным днём. Мудрасць беларускага народа праявілася ў тым, што, адвергнуўшы няўпэўненыя эксперыменты, ён рашуча пазбавіўся ад лішняга, наноснага, усяго, што перашкаджае ініцыятыве чалавека працы. У той жа час народ прысёк імкненні рэфарматараў разбазарыць дзесяцігоддзямі створаны эканамічны патэнцыял, буйныя гаспадаркі, выступіў супраць апаганьвання савецкага мінулага. Народ зразумеў, што такія рынкавыя новаўвядзенні, як прыватызацыя, неабходна ўводзіць паступова, пад строгім дзяржаўным кантролем. Менавіта таму беларусы даверылі свой лёс патрыётам-дзяржаўнікам. Аб гэтым сведчыць выбранне ў 1994 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы прысвяціў сваю дзейнасць галоўнай задачы – пабудове  свабоднага, квітнеючага грамадства, у якім усё падпарадкавана інтарэсам чалавека працы, чалавека-творцы, чалавека-стваральніка.

Гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Таму, нягледзячы на розныя меркаванні наконт Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, трэба памятаць, што яна была ў нашай дзяржаўнай біяграфіі і , больш таго, – у свой час стала эпахальнай падзеяй для ўсяго свету.


 


Ф.  ГВОЗДЗЕЎ, першы сакратар Хойніцкай раённай арганізацыі КПБ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *