“Журавінка” спявае – сэрца замірае

Образование

У  2004 годзе пры гарадскім цэнтры культуры і спорту быў створаны жаночы вакальны гурт “Журавінка” пад кіраўніцтвам Р.М. Лушча.
З канцэртамі жанчыны выступаюць перад перадавікамі жніва, жыхарамі вёсак, выязджаюць з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі, удзельнічаюць амаль ва ўсіх раённых конкурсах мастацкай самадзейнасці. Знаёмцеся з удзельніцамі “Журавінкі”.

Ганна Іванаўна Атрошчанка нарадзілася ў вёсцы Руднае. Пасля заканчэння гандлёва-эканамічнага тэхнікума працавала бухгалтарам на Нараўлянскім “Масласырзаводзе”, выйшла замуж і пераехала ў Хойнікі. Амаль 30 год адпрацавала на Хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.

Ганна Іванаўна выхавала трох сыноў і дачку, зараз у яе 6 унукаў. У вольны час займаецца кветкамі, садаводствам, захапляецца вышыўкай і вязаннем.
Валянціна Мікалаеўна Бордак нарадзілася ў вёсцы Небытаў. Пасля заканчэння будаўнічага вучылішча ў Мінску жыла і працавала ў сталіцы. У 1976  годзе пераехала ў Хойнікі, працавала ў розных будаўнічых арганізацыях, дзіцячых садах.

Валянціна Мікалаеўна выхавала трох сыноў, мае трох унукаў. Вялікай стратай і горам стала для маці заўчасная смерць аднаго з сыноў. Перажыўшы гэтую страту, знайшла ў сабе сілы жыць і працаваць, не перастала спяваць.
Любоў Аляксандраўна Бачына нарадзілася ў пачатку 40-х гадоў,  а ў 1942 годзе разам з маці і бабуляй была вывезена ў Германію, з якой вярнуліся ў 45-м. Працаваць давялося на торфабрыкетным заводзе, прадаўцом, у ПМК-16.
Выхавала двух сыноў і дачку, зараз у яе пяць унукаў. Захапляецца кветкамі, вырошчвае садавіну. Шмат гадоў з’яўляецца Любоў Аляксандраўна актыўнай удзельніцай народнага ансамбля “Спадчына” раённага Дома культуры.
Тамара Віктараўна Карповіч нарадзілася ў вёсцы Партызанская. Скончыла Гродненскае культурна-асветніцкае вучылішча, і ўжо 21 год працуе ў ГЦКіС культарганізатарам.

Тамара Віктараўна выхавала дваіх дзяцей, зараз яе двайняшкі студэнты. У вольны час займаецца кветкамі, вяжа кручком. Вельмі любіць лес і з’яўляецца заўзятым грыбніком.
Васіліна Якаўлеўна Гуйван нарадзілася ў Івана-Франкоўскай вобласці Украіны. Скончыла Севастопальскае вучылішча па будаўнічай спецыяльнасці. Пасля выйшла замуж за беларуса і пераехала на радзіму мужа.
Васіліна Якаўлеўна выхавала траіх дзяцей, ёсць ужо трое ўнукаў. Без справы не сядзіць, працягвае працаваць у будаўнічай брыгадзе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, вельмі любіць сваю прафесію. А галоўным сваім захапленнем лічыць народныя песні.

Нязменным кіраўніком гурта з’яўляецца Рыгор Мікалаевіч Лушч – прафесіянал сваёй справы, баяніст, як кажуць, ад Бога. Ен не толькі майстэрскі акампаніруе, але і падпявае жанчынам.
Адным з апошніх мерапрыемстваў, якое наведалі ўдзельніцы жаночага вакальнага гурта “Журавінка”, стала свята да Дня Маці, адзначыць якое іх запрасілі работнікі цэнтральнай бібліятэкі і калектыў ГЦКіС. За кубачкам чаю ўдзельніцы мерапрыемства дзяліліся ўспамінамі, сакрэтамі выхавання дзяцей, расказвалі пра жыццё, захапленні, паказвалі сямейныя фотаздымкі. І,  канешне, не абышлося без выканання народных песень, якія так палюбілі жыхары горада і раёна. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.



Вольга БЕЛАШ.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *