“Талеркі” з будынкаў зняць! А куды іх падзяваць?


Для многіх жыхроў райцэнтра стала праблемай карыстанне спадарожнікавай антэнай. “Талеркі” забаронена  ўстанаўліваць на фасадах многакватэрных дамоў па прычыне  парушэння эстэтычнага выгляду будынкаў. Забарона паслужыла падставай для шматлікіх скарг. Так, жыхары дома № 24 па вул. К. Маркса райцэнтра ў пісьме, дасланым у рэдакцыю, цікавіліся, ці ёсць якое-небудзь выйсце са склаўшайся сітуацыі.
Вырашэннем гэтага пытання заняўся карэспандэнт “Хойніцкіх навін”.

Крок першы
Накіравала на рэагаванне пісьмо ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. У адказе дырэктар прадпрыемства А.М. Клюкаўкін растлумачыў, што згодна з Інструкцыяй па тэхнічнай эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў НЕ ДАПУСКАЕЦЦА без праектнай дакументацыі ПРАВОДЗІЦЬ:
*устройства ў элементах будынкаў новых праёмаў, адтулін, надрэзаў, якія аслабляюць сячэнне элементаў;
*замацаванне да іх новых элементаў;
*устаноўку, падвеску або мацаванне іншым спосабам (у тым ліку і часовае) на канструкцыях не прадугледжанага праектам тэхналагічнага ці іншага абсталявання.
На падставе пісьма Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2007 года ўстаноўка дадатковага інжынернага абсталявання (радыётэлефонных і спадарожнікавых антэн, станцыі мабільнай сувязі, а таксама вонкавых блокаў сістэм кандыцыяніравання) на фасадах, дахах, лоджыях і балконах будынкаў, якія запраектаваны без гэтага абсталявання, павінна праводзіцца толькі па праектнай дакументацыі, якая распрацавана і зацверджана ва ўстаноўленым парадку.
На падставе артыкула 21.13 “Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка ці збудавання Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь” самавольнае пераабсталяванне, перафарбоўванне ці іншае змяненне балконаў, лоджый і другіх архітэктурных і канструкцыйных элементаў фасадаў жылых дамоў, іншых будынкаў і збудаванняў, устаноўка на фасадах, балконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых антэн, непрыняцце мер па падтрымцы ў належным стане знешняга выгляду будынкаў і агародж – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 15 базавых велічынь.
З адказу Андрэя Мікалаевіча зразумела, што ўстаноўка спадарожнікавых антэн катэгарычна забаронена, а магчымы варыянт вырашэння праблемы ў ім не ўказаны. Відавочна толькі тое, што для ўстаноўкі антэны неабходна мець дазвол – праектную дакументацыю, распрацоўкай якой займаецца архітэктар раёна.




Крок другі
Раённы архітэктар Аксана Аляксандраўна Ганчарова, да якой карэспандэнт звярнуўся з набалелым пытаннем, гаварыла ва ўнісон з  А.М. Клюкаўкіным аб немагчымасці ўстаноўкі спадарожнікавых антэн на фасадах многакватэрных дамоў, але дадала, што гэта ЗАБАРОНА НЕ ДАТЫЧЫЦЬ ПРЫВАТНЫХ ДОМАЎЛАДАННЯЎ. А на пытанне: ці ёсць якое-небудзь выйсце, паведаміла аб магчымай устаноўцы цэнтралізаванай антэны. Для гэтага неабходна звярнуцца ў фірму-вытворцу і напісаць заяву на дазвол яе ўстаноўкі ў райвыканкам. Пытанне будзе разгледжана кампентэнтнымі асобамі, якія вынясуць пастанову.




Крок трэці     
Патэлефанавала індывідуальнаму прадпрымальніку С.А. Швецу, які прапаноўвае паслугі па падключэнню спадарожнікавых  антэн тэлебачання.
 Ен растлумачыў, што займаецца ўстаноўкай цэнтралізаваных антэн, якія могуць абслугоўваць не больш чым 16 кватэр. Кошт устаноўкі прыкладна 350 тыс. руб. на абанента. Ці згадзяцца плаціць за такую паслугу людзі? Наўрад ці. Доказ таму – у нашым раёне не ўстаноўлена ніводнай цэнтралізаванай “талеркі”. Адно з тлумачэнняў таму даў жыхар дома № 24 вул. К. Маркса, сказаўшы: “Навошта мне плаціць за ўстаноўку  такой “талеркі”, калі ў мяне ёсць свая? Куды мне яе дзяваць?”.  




Ад рэдакцыі: атрымліваецца, што хвалюючыся аб эстэтычным выглядзе будынкаў, ніхто не клапоціцца аб людзях, якія набылі ў свой час нятанную “талерку” і зараз не могуць скарыстацца ёй. Няўжо няма шляхоў вырашэння гэтай праблемы? Журналісцкае раследаванне будзе працягвацца, чытайце яго вынікі ў наступных нумарах раёнкі.



Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *