Хварэем за БАТЭ!

Спорт

Халодным і дажджлівым лістападаўскім вечарам мінулага чацвярга барысаўскі футбольны клуб БАТЭ ўпісаў новую старонку ў гісторыю айчыннага футбола: упершыню беларускі клуб не проста трапіў у групавы турнір еўракубкаў, але і датэрмінова, за два туры да яго завяршэння, забяспечыў сабе месца ў гульнях плэй-оф. Нагадаю, што на гэтую стадыю выходзяць толькі па дзве першыя каманды з кожнай з 12 груп.



Тое, што БАТЭ трапіць у лік мацнейшых, стала ясна 4 лістапада пасля перамогі каманды нашага зямляка Віктара Ганчарэнкі над малдаўскім клубам “Шэрыф” з лікам 3:1.


Не перадаць словамі тую атмасферу ўсеагульнай радасці, якая панавала на трыбунах “Дынама” пасля фінальнага свістка польскага галоўнага арбітра сустрэчы Рыхарда Малека. Падскоквалі і абдымаліся зусім незнаёмыя людзі, трыбуны расквеціліся нацыянальнымі сцягамі і жоўта-блакітнымі сімваламі БАТЭ. Над стадыёнам неслася магутнае “Бе-ла-русь!”, “БА-ТЭ!”, “Ба-ры-саў!” Міжволі падумалася: “Вось так і яднаецца нацыя”.


А стомленыя, але бязмерна радыя віноўнікі гэтай урачыстасці, знайшлі ў сабе сілы разам з галоўным трэнерам падбегчы да запоўненай цэнтральнай трыбуны і шчыра падзякаваць балельшчыкам, якія віталі сваіх любімцаў стоячы. Такім кранаючым было яднанне футбалістаў і іх адданых паклоннікаў.


Наперадзе ў БАТЭ сустрэчы з кіеўскім “Дынама” і галандскім клубам АЗ. У турнірным сэнсе гэтыя гульні ўжо нічога не вырашаюць. Хіба што толькі тое, хто зойме першае месца ў групе.  Але, 2 снежня нас чакае яшчэ адзін прыгожы і захапляючы паядынак з кіеўскім “Дынама”.

Хварэем за БАТЭ!


 


 


Віктар Назаранка.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *