Хайнічане выйшлі ў фінал


5 лістапада ў Гомельскім Палацы творчасці дзяцей і юнацтва прайшоў занальны адборачны тур конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны”, у якім прымалі ўдзел пераможцы раённых этапаў конкурсу.

Тры гады запар прадстаўнікі нашага раёна прымаюць удзел у яго фінале. У 2008 годзе Хойнікшчыну прадстаўляла маладая сям’я Кавалёвых са Стралічава, у 2009-м –  сям’я Цішкевічаў з Хойнік.

У гэтым годзе абаранялі гонар Хойнікшчыны  Алеся і Аляксей Жаўняк з сынам Міхаілам. Алеся працуе шліфоўшчыцай на заводзе гідраапаратуры, Аляксей – аператар кацельні ПУП “Палескія сыры”.

У занальных адборачных турах прымалі ўдзел 25 сем’яў, і кожная намагалася пакарыць гледачоў і журы нечым адметным. Спявалі, танцавалі, ігралі на розных музычных інструментах. Найбольш гледачоў уразіў маленькі Міша Жаўняк, які вельмі дастойна трымаўся на сцэне. У творчым выступленні яго мама Алеся дэкламавала вершы, танцавальную падтрымку ёй аказвалі вучаніцы СШ № 1 г. Хойнікі Ксенія Гушчанка і Кацярына Кульманава, а бацька Аляксей разам  з сынам выканалі дзіцячую песню “Антошка”.

Сюрпрызам ад нашых удзельнікаў стала прадукцыя  ПУП “Палескія сыры”, якую сям’я прэзентавала журы. Акрамя дырэктара “Палескіх сыроў” Т.Д. Грамовіч таксама патрэбна падзякаваць загадчыцы дзіцячага сада № 5 Любові Іванаўне Міхед,  выкладчыкам музыкі Людміле Міхайлаўне і Уладзіміру Мацвеевічу Чарняковым за дапамогу ў падрыхтоўцы сям’і да конкурсу.

Стаўшы пераможцамі ў сваёй занальнай групе, нашы прадстаўнікі змогуць прыняць удзел у фінале конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны”, які адбудзецца 8 снежня ў Гомелі.



І. ПАНЧАНКА, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *