Любімая прафесія


IMG_4750Сёлета беларускай міліцыі спаўняецца роўна 100 гадоў! Матэрыялы нашай новай рубрыкі прымеркаваны да гэтай знамянальнай даты. З дапамогай успамінаў ветэранаў мы пагрузімся ў гісторыю і напружаныя будні небяспечнай службы. А пачынаем з Валерыя Іванавіча Гаспадарова, які прысвяціў роднай міліцыі чвэрць стагоддзя.

СА ЗВАРШЧЫКА – У МІЛІЦЫЯНЕРЫ
Нарадзіўся Валерый Іванавіч у вёсцы Салтанаўка Жлобінскага раёна ў пераможным сорак пятым. Калі яму было тры гады, сям’я пераехала на Украіну, у Вінніцкую вобласць. Там ён скончыў дзесяцігодку. У 1961 годзе паступіў у ПТВ горада Запарожжа. Вучыўся на газазваршчыка. Пасля заканчэння вучылішча паехаў працаваць на Бярдзянскі завод дарожных машын. Але нават прыгажосць Азоўскага мора не ўтрымала яго, у хуткім часе ён вярнуўся ў Беларусь. Жыў у роднай цёткі ў Жыткавічах. У 64-м быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў у танкавых войсках у Германіі. Вярнуўся ў званні малодшага лейтэнанта. Уладкаваўся зваршчыкам на будаўніцтва «бетонкі» ад Калінкавіч да Брэста. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, калі б не адна прапанова.
А прапанавалі яму стаць участковым у Жыткавіцкім аддзеле ўнутраных спраў. Спачатку ён адмовіўся, бо вельмі хацеў атрымаць адукацыю. І вырашыў пайсці вучыцца ў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі імя М. Фрунзе. Быў добрым навучэнцам, атрымліваў выключна «чацвёркі» і «пяцёркі». Пасля заканчэння школы міліцыі мог застацца служыць у Гомелі, але настойваў на «раёне», хацеў ехаць у глыбінку. Па гэтай прычыне над ім жартавалі, маўляў, куліка цягне балота. Але ён ніколі не пашкадаваў аб сваім рашэнні.

РАНЕЙ У АДДЗЕЛЕ БЫЛІ МАТАЦЫКЛЫ І КОНІ
У 70-м прыехаў працаваць у Хойніцкі аддзел на пасаду старэйшага інспектара аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці (цяпер гэта на рускай мове «ОБЭП»). Па ўспамінах Валерыя Іванавіча, аддзел міліцыі знаходзіўся ў невялікім драўляным будынку насупраць рэстарана «Палессе». Там было ўсяго 7 кабінетаў, уключаючы Ленпакой. Асабісты састаў – 38 чалавек (гэта пры тым, што жыхароў у раёне ў два, а то і больш разоў было). Узначальваў аддзел тады Сцяпан Іванавіч Гулевіч. У штаце быў намеснік, два чалавекі ў АБКСУ, два – у вышуку, адзін следчы, два супрацоўнікі ДАІ, два вадзіцелі, конюх і інш. Да слова, у горадзе было ўсяго два ўчастковых. З транспарту меліся грузавы ГАЗ-51, легкавы ГАЗ-69, сем матацыклаў і тры кані (два ў аддзеле і адзін на ўчастку ў Тульгавічах).
Раней маёр – гэта была столь, вышэйшае званне атрымаць было практычна немагчыма. Адзін Гулевіч у тыя гады даслужыўся да падпалкоўніка, ды і гэта з улікам таго, што ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Валерый Іванавіч Гаспадароў узгадвае, што сам хадзіў капітанам пятнаццаць гадоў. Цяпер жа зоркі заслужыць лягчэй.
Яшчэ адзін цікавы факт – зарплата ў той час у міліцыі была 115 рублёў, а зваршчыкам ён атрымліваў 250 рублёў. Але тады грошы для яго ігралі меншую ролю, чым любоў да сваёй справы.
У 1975 годзе ён стаў старэйшым інспектарам вышуку, узначальваў гэты аддзел каля пяці гадоў, а потым зноў вярнуўся на сваю былую пасаду. З цягам часу на работу ў аддзел пачалі прыходзіць маладыя хлопцы з вышэйшай адукацыяй, і ён перайшоў у дзяжурную часць, там і працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. На пенсію пайшоў у 1993 годзе ў званні маёра. І сёння з настальгіяй узгадвае былыя часы. У Тульгавічы паехаў. Снег як даў – на кані не даедзеш. Начаваў у калгасе ў канторы на крэслах. Успамінаў і пра розныя вечары адпачынку, якія разам праводзілі з калегамі. У яго і зараз захоўваецца мноства цікавых здымкаў, якія рабіў сам, бо захапляўся фатаграфіяй. Ёсць і сумныя моманты ў гэтых успамінах – на жаль, многіх яго таварышаў ужо няма ў жывых.
Самым складаным быў 1986-ты, аварыя на ЧАЭС. Цытата Валерыя Іванавіча ярка аб гэтым сведчыць: «У аддзеле было «пекла». Тут знаходзіўся штаб. Каля лазні садзіліся верталёты, амаль кожны дзень наведваліся міністры, генералы. Усе працавалі ў надзвычай напружаным рэжыме.
Пасля міліцыі, да 2001 года, Валерый Іванавіч працаваў на «Салюце» начальнікам аховы. А потым здароўе падвяло. Прадаў «трошку» на вуліцы Лермантава, набыў дом на Будаўнічай і заняўся сельскай гаспадаркай. Разам з жонкай Рытай Якаўлеўнай жывуць 47 гадоў. У іх два сыны, унук і ўнучка. Ён лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо яму пашанцавала з сям’ёй і прафесіяй. Любімай прафесіяй міліцыянера.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *