Ствараюцца новыя рабочыя месцы


Для падтрымкі беспрацоўных грамадзян, арганізацыі новых відаў дзейнасці і новых рабочых месц прадугледжана выдзяленне бюджэтных пазык і субсідый. Займаецца гэтым упраўленне
 па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Аб тым, каму і на якіх умовах выдзяляецца фінансавая падтрымка, размова карэспандэнта “ХН”  з галоўным спецыялістам сектара па занятасці насельніцтва  В.В. ШТЫХНОВАЙ.

– Вера Васільеўна, раскажыце, калі ласка, на якіх умовах прадастаўляецца пазыка і каму?
– Бюджэтная пазыка – гэта грашовыя сродкі, якія выдаюцца часова з абласнога бюджэту для выкарыстання па мэтаваму прызначэнню: стварэнне рабочых месц для працаўладкавання грамадзян, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці. Выдаецца яна на тры гады без працэнтаў.
Пазыка не прадастаўляецца тым, хто мае запазычанасць па падатках, зборах (пошлінах), іншых абавязковых плацяжах у бюджэт, у дзяржаўныя небюджэтныя фонды, калі ёсць пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах банкаў.
Спачатку пазыкаатрымальніку неабходна распрацаваць бізнес-план, звязаўшы набываемае абсталяванне са ствараемымі працоўнымі месцамі. Выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі для набыцця тавараў з іх наступнай рэалізацыяй нельга.
Таксама неабходна прадаставіць пэўныя даведкі, акты і выпіскі (іх спіс можна ўдакладніць на стэндзе цэнтра занятасці). Пасля праверкі ўсіх дакументаў і вынясення рашэння, ці мэтазгодна стварэнне гэтых працоўных месц, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама накіроўвае іх у камітэт па працы, занятасці і сацабароне Гомельскага аблвыканкама. Плацяжы ажыццяўляе тэрытарыяльнае казначэйства на падставе дагавора аб стварэнні працоўных месц, а таксама дагавораў пастаўкі тавараў напрамую на рахункі пастаўшчыкоў. Наяўныя грашовыя сродкі не выдаюцца.

– Колькі ў гэтым годзе выдадзена бюджэтных пазык?
– Праграмай на 2010 год было запланавана стварэнне 8 працоўных месцаў. Выдадзена адна пазыка на суму 267 мільёнаў рублёў. Яе атрымала ТДА “Хойнікі-люкс” на стварэнне 18 працоўных месцаў. Згодна з распрацаваным бізнес-планам, будуць створаны наступныя рабочыя месцы: загадчык магазіна, прадаўцы, повары, афіцыянты,  бармэн, цырульнікі, прыбіральшчыкі памяшканняў і г.д. Фінансаванне праекта адкрыта ў ліпені, да канца года ўсе працоўныя месцы павінны быць створаны.
У мінулым годзе жадаючых атрымаць пазыку не было. У 2008 годзе адна пазыка на суму 165 мільёнаў рублёў была выдадзена КЖУП “Хойніцкі камунальнік” для стварэння 10 рабочых месцаў (быў створаны ўчастак аказання рытуальных паслуг).

– Ці прадастаўляюцца субсідыі беспрацоўным?
– З улікам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і стану спраў на рынку працы органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аказваецца садзейнічанне беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Фінансавая падтрымка аказваецца ў выглядзе незваротнай субсідыі са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне.
Субсідыя прадастаўляецца ў памеры 11-разовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 лістапада БМП складае 283050 рублёў). Пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці ў малых гарадах, населеных пунктах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, сельскіх населеных пунктах субсідыя прадастаўляецца ў памеры 15-разовай велічыні БПМ.
Прадастаўляемая беспрацоўнаму субсідыя можа быць выкарыстана на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг, арганізацыю працоўных месц і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці.
Для прадастаўлення субсідыі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне патрэбна напісаць адпаведную заяву і прадаставіць бізнес-план з абгрунтаваннем эфектыўнасці арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасля падпісання з беспрацоўным дагавору і адкрыцця разліковага банкаўскага рахунку ў ААТ “ААБ Беларусбанк” у тэрытарыяльныя органы дзяржаўнага казначэйства прадастаўляюцца дакументы на пералічэнне субсідыі. Затым у аддзеле эканомікі райвыканкама на працягу 5 дзён будучаму індывідуальнаму прадпрымальніку патрэбна зарэгістравацца. І можна пачынаць працаваць.

– Колькі субсідый выдадзена за 10 месяцаў?
– Дзяржаўнай праграмай прадугледжана выдача 8 субсідый. За прайшоўшы час 2010 года выдадзена 8, да канца года будзе выдадзена яшчэ адна, на вёсцы. Калі браць па відах дзейнасці, то 2 чалавекі займаюцца будаўніча-аддзелачнымі работамі, 4 – гандлююць, па 1 – пачнуць аказваць паслугі салярыя і таксі.



Запісала Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *