Па слядах бацькі


DSC_0099«У нас ужо чатыры пакаленні міліцыянераў. Пачалося ўсё з майго бацькі, ён дваццаць сем гадоў адпрацаваў у органах. Потым я апранула форму з міліцэйскімі пагонамі. Далей звязаў лёс з гэтай прафесіяй муж маёй дачкі. А цяпер і ўнучка працуе ў Следчым камітэце», – пачала нашу размову Алена Паўлаўна Кукс.
Хаця спачатку яна не планавала ісці па слядах бацькі. Пасля заканчэння другой школы горада Хойнікі марыла атрымаць медыцынскую адукацыю. Не атрымалася – пайшла працаваць у райкам камсамола.
У 1971 годзе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў адкрывалі дзіцячы пакой міліцыі, і яе запрасілі туды на працу. Давялося жанчыне тады няпроста – будаваць дзейнасць даводзілася з нуля.
Працавала практычна без выхадных, задач было шмат – патруляванне гарадскіх вуліц, наведванне танцпляцовак, візіты ў неспрыяльныя сем’і, выступленні ў школах. Пакой міліцыі быў у самім аддзеле, і яшчэ адзін выдзелілі ў пабудаваным вучылішчы.
Алена Паўлаўна вучылася завочна ў Мазырскім педагагічным інстытуце. У інспекцыі па справах непаўналетніх, менавіта так цяпер называецца гэта структурнае падраздзяленне, яна працавала пятнаццаць гадоў. Потым непрацяглы час – у інспекцыі выпраўленчых работ, а затым перайшла ў пашпартны стол.
Там таксама хапала складанасцяў. На яе час прыпала тры «пікі». Першы – у 89-90-х гадах з Хойнік актыўна пачалі выязджаць яўрэі, патрэбна было афармляць многа дакументацыі. Другі – з канца 1991 года ў савецкіх пашпартах пачалі ставіць штампы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэту працэдуру праводзілі ў Калінкавічах, туды нашы пашпартысты вазілі за раз па паўтысячы дакументаў, якія засведчваюць асобу. І трэці – у 1995 годзе пачаўся абмен пашпартаў новага ўзору.
Акрамя таго, былі і іншыя абавязкі, якія цяпер групай па грамадзянству і міграцыі не выконваюцца. Да прыкладу, пошук неплацельшчыкаў аліментаў.
Пасля аварыі на ЧАЭС Алене Паўлаўне разам з іншымі супрацоўнікамі міліцыі даводзілася дзяжурыць у «зоне». Такім чынам выслуга ў яе складае дваццаць сем гадоў. Але адзін год з гэтым дзяжурствам лічыцца за тры, таму ў агульнай колькасці атрымаўся трыццаць адзін год. У яе працоўнай кніжцы занатавана, што за час службы ў органах унутраных спраў мела 71 заахвочванне. У А.П. Кукс ёсць знак выдатніка і тры медалі: два – за бездакорную службу і адзін юбілейны – да 90-годдзя беларускай міліцыі. Дзевяць гадоў Алена Паўлаўна з’яўлялася сакратаром партыйнай арганізацыі аддзела. Была актывісткай, аптымісткай і проста прыгажуняй.
Сёння яна з цеплынёй узгадвае сваю службу, калег. З пашпартнага стала гэта жанчыны, якіх яна ў розныя часы прымала на работу – Таісія Альпяровіч, Віта Уласенка, Святлана Зелянкоўская. Успамінаючы імёны былых супрацоўнікаў аддзела, наша субяседніца баялася некага ўпусціць, але ўсіх жа не пералічыць. Аляксандр Сабадаш, Рыгор Кузьменка, Аляксандр Дашкевіч, Рыгор Вяргейчык, Іван Апанасюк, Іван Луцэнка, Іосіф Кудрыцкі, Віктар Купрэйчык і многія-многія іншыя, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
Алена Паўлаўна пайшла на пенсію ў 1998 годзе ў званні маёра. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў аддзеле кадраў на хлебазаводзе. А цяпер – дома. Займаецца любімымі заняткамі – вяжа, разгадвае крыжаванкі, чытае кнігі, захапляецца кветкамі, дарэчы, на дачы ў яе іх вельмі шмат. Яна ўдзячна Богу за тое, што ў яе такая выдатная сям’я, любіць, калі ўсе збіраюцца разам.
У яе дома я заўважыла вялікую колькасць карцін і, што адметна, усе яны выключна хойніцкіх мастакоў. Сярод пейзажаў прыцягнуў увагу вялікі здымак юнака ў ваеннай форме – гэта ўнук Алены Паўлаўны, які цяпер служыць у арміі і, магчыма, таксама працягне сямейную дынастыю. Няхай іх пакаленне міліцыянераў будзе яшчэ доўгім, бо гэта сапраўды ганарова.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *