Пераможцы раённага этапа конкурсу «Настаўнік года»

Образование

У трэцяй гарадской школе адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага этапа конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Маладыя, таленавітыя педагогі атрымалі дыпломы з рук начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўскай і прэміі ў памеры 50 рублёў. Акрамя таго, падарункі і кветкі сваім лепшым настаўнікам уручылі кіраўнікі ўстаноў, якія яны прадстаўлялі. Павіншаваць пераможцаў прыехалі дэлегаты з усіх школ і дзіцячых садоў раёна. У іх адрас гучала шмат цёплых слоў і пажаданняў удачы. А яна ім вельмі спатрэбіцца на абласным этапе конкурсу, дзе яны будуць адстойваць гонар Хойнікшчыны. Хаця фартуна фартунай, а галоўную ролю тут адыгрывае прафесійнае майстэрства. І ва ўсіх нашых канкурсантаў яно на высокім узроўні.
Наогул, конкурс «Настаўнік года»праводзіцца ў Беларусі з 1991 года. Асаблівае значэнне і аўтарытэт спаборніцтву сярод настаўнікаў надае яго падтрымка Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які традыцыйна сустракаецца з фіналістамі і ўручае пераможцу галоўны прыз – статуэтку «Хрустальны журавель».
Праводзіцца конкурс у чатыры этапы: ва ўстановах адукацыі, раёне, вобласці (да 31 сакавіка) і заключны да 30 верасня 2017 года. Удзельнічаюць у ім педагогі ў васьмі намінацыях – падзел ідзе па вучэбных прадметах.
Акрамя таго, на кожным этапе ёсць свае туры. Змагаючыся за перамогу на ўзроўні раёна, удзельнікі павінны былі прадставіць пісьмовы праект адкрытага ўрока і самапрэзентацыю ў электроннай форме. А таксама падрыхтаваць пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці на тэму «Вучыць дзяцей вучыцца» або «Каб дзеці хацелі вучыцца». Правесці адкрыты ўрок у незнаёмым класе і публічна выступіць на тэму «Настаўнік ўчора, сёння, заўтра». З усімі гэтымі выпрабаваннямі педагогі, якіх вы бачыце на здымках, справіліся на «выдатна». Яны разумныя, мэтанакіраваныя, творчыя, крэатыўныя, любяць сваю справу і дзяцей. Іх урокі цікавыя, ва ўсіх вочы гараць, а ў душы запал. Хаця не ўсім удасца пакарыць конкурсную вяршыню, але для кожнага з іх гэта вельмі каштоўны прафесійны вопыт і карысныя зносіны з калегамі.

IMG_5162Аксана ХАМЯК, выхавацель малодшай групы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Хойнікі.

Мілая, сціплая, цікаўная

Хаця і нарадзілася яна ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці, з маленства жыве ў Хойніках. У раннім узросце марыла стаць настаўнікам. Згодна з выказываннем Сакрата «Усе прафесіі ад людзей і толькі тры – ад Бога: настаўнік, суддзя і ўрач».
З пачуццём вялікай удзячнасці яна гаворыць пра настаўніка пачатковых класаў Л.В. Вараб’ёву, яе класнага кіраўніка і настаўніцу матэматыкі Н.М. Казлову, педагога рускай мовы і літаратуры Г.Г. Рудсан, настаўніцу хіміі і біялогіі В.П. Варановіч. Жаданне стаць дастойнай калегай сваім настаўнікам зматывавала паступіць у педуніверсітэт.
У вольны ад работы час яна не растаецца з прафесійнымі абавязкамі – займаецца выхаваннем двух сыночкаў, калі-нікалі застаецца час і для любімага захаплення – вязання. Дзякуючы конкурсу атрымала толькі пазітыўныя ўражанні. Ды і карысць, па словах канкурсанткі, відавочная: такім чынам педагогі могуць прадэманстраваць свае здольнасці перад калегамі і атрымаць канструктыўны вопыт.
Адкрытыя заняткі праводзіла на сваім месцы працы з выхаванцамі сярэдняй групы па культуры маўленчых зносін на тэму «Зіма і зімовыя забавы».

Виктория 2Вікторыя ГРАМЫКА, настаўніца хіміі і біялогіі Стралічаўскай школы
Шчырая, адказная, справядлівая

Нарадзілася ў расійскім горадзе Варкута. У Беларусь сям’я пераехала ў 1991 годзе, бо дзядуля родам з Гомельскай вобласці і яго ўвесь час цягнула ў родныя мясціны. У дзяцінстве яна марыла стаць урачом-стаматолагам. У школе, а вучылася Вікторыя ў трэцяй, яе захапілі хімія і біялогія. Любімымі настаўнікамі былі Т.Л. Лазіцкая і В.А. Васькевіч, у нейкай ступені і яны паўплывалі на выбар яе будучай прафесіі. Яна закончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна і ўжо восем гадоў носіць гордае званне настаўніка.
Дзяўчына любіць падарожнічаць, кожнае лета стараецца наведваць розныя краіны, вывучаць іх гісторыю і культуру. Акрамя таго, ёй падабаецца адкрываць для сябе родную Беларусь і яе традыцыі. Пад настрой малюе і вышывае. Перавагу аддае гістарычнай і мастацкай літаратуры, а яе любімая кніга – «Майстар і Маргарыта».
Яна даўно хацела паспрабаваць свае сілы ў конкурсе «Настаўнік года», назапасіла ўпэўненасці і адважылася. І нездарма – вынік ужо выдатны. На падрыхтоўку да настаўніцкага спаборніцтва Вікторыя затрачвала шмат часу, па вечарах вывучала спецыяльную літаратуру, была ў пастаянным творчым пошуку. Адкрыты ўрок праводзіла ў 7 «А» класе гімназіі г. Хойнікі на тэму «Фізічныя і хімічныя ўласцівасці кіслароду». Па яе словах, уражанні ад конкурсу выключна станоўчыя.

Светлана 2Святлана ЦІШКЕВІЧ, настаўніца фізікі і астраноміі СШ № 1
Абаяльная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная

Родам з Хойнік. Закончыўшы Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, вярнулася на малую радзіму. Настаўнікам марыла стаць з дзяцінства. Гуляючы з сябрамі ў школу, ёй падабалася чырвоным алоўкам выпраўляць памылкі і ставіць адзнакі.
Зараз гульні ператварыліся ў рэальнасць. Любімым настаўнікам Святланы ў другой школе, дзе яна вучылася, быў Р.А. Латфулін. Дзякуючы яму, яна ўсёй душой палюбіла гэты няпросты прадмет і вырашыла звязаць з ім далейшы лёс. У самаўдасканаленні Святлана ніколі не стаіць на месцы, пастаянна прафесійна развіваецца, і конкурс «Настаўнік года» – гэта яшчэ адзін крок на гэтым шляху.
Да спаборніцтва рыхтавалася доўга і старанна, як і да кожнага свайго ўрока. За падтрымку і дапамогу настаўніца ўдзячна сваім калегам, адміністрацыі школы і асабліва завучу Т.А. Харошка. Адкрыты занятак яна праводзіла ў гімназіі па тэме «Патэнцыяльная энергія». Конкурс падарыў ёй новыя адчуванні, новы педагагічны вопыт і новыя знаёмствы, таму яна вельмі задаволена ўдзелам. Любіць чытаць навукова-пазнавальную літаратуру, асабліва пра космас, і марыць паляцець на Марс. А яе любімая кніга – «Два капітана» Веньяміна Каверына.

IMG_5246Ірына Гаеўская, настаўнік пачатковых класаў Паселіцкай школы
Мэтанакіраваная, адказная, чулая

Нарадзілася ў в. Рудакоў нашага раёна. Яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што сваё жыццё прысвеціць педагогіцы, таму пасля заканчэння Паселіцкай сярэдняй школы адразу накіравалася атрымліваць вышэйшую педагагічную адукацыю ў Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна. Там жа вучыліся яе родныя брат і сястра.
Сваю прафесію лічыць самай цікавай. Упэўненасць у гэтым за 11 гадоў работы толькі змацнела. Кожны дзень – новыя ўрокі, займальныя пытанні, пошук іх вырашэння, вясёлыя гісторыі і сітуацыі. Усё гэта педагог перажывае разам са сваімі чацвёртакласнікамі.
Сама ж з цеплынёй адгукваецца пра сваіх настаўнікаў – педагога фізічнай культуры Э.П. Сялецкага і педагога нямецкай мовы Е.Г. Усмял, якой, на жаль, ужо няма. Але ж са спецыялізацыяй педагог вызначылася дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў Л.В. Дорах, таму і пайшла па яе слядах.
Падрыхтоўка да конкурса заняла ў педагога ўвесь вольны час. У гэтым спрыяла зладжаная сістэма работы з метадычнымі дапаможнікамі, якія складаюць большую частку хатняй бібліятэкі Ірыны. Акрамя гэтага, яна цэніць кнігі па псіхалогіі і мастацкай літаратуры.
Прайшоўшы конкурс выклікаў масу эмоцый – ад хвалявання да пачуцця задаволенасці. Вельмі падбадзёрвалі педагога калегі з розных школ, асабліва натхнялі канкурсантку бацькі, якім яна выказвае вялікую ўдзячнасць.
Адкрыты ўрок па літаратурным чытанні праводзіла ў 2 “Б” класе гімназіі.

 

IMG_5217Дзмітрый БАРЫСЕНКА, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 2.

Амбіцыйны, валявы ,харызматычны

Ураджэнец в. Дворышча. З дзяцінства займаўся спортам, думка аб прафесіі настаўніка з’явілася ў больш свядомым узросце. Прафесію Дзмітрый выбраў таксама з-за свайго захаплення спортам, у 2013-м закончыў дзяржуніверсітэт імя І.П. Шамякіна. І зараз застаецца верным аматарам футбола і лёгкай атлетыкі, у прыватнасці бегу. Прыкладамі выдатных педагогаў лічыць настаўнікаў гімназіі Т.А. Лекаркіну, В.П. Груданава, А.М. Каралёва.
Конкурс стаў для адзінага канкурсанта-мужчыны чарговай праверкай сваіх здольнасцяў, якія ён імкнецца ўдасканальваць на працягу амаль чатырох гадоў работы ў школе. Паляпшаць як прафесійныя, так і ўласныя якасці маладому настаўніку дапамагае спецыялізаваная літаратура, шануе ён і мастацкія творы, але на чытанне, на жаль, застаецца мізэр часу.
Рыхтаваўся да раённага этапа «Настаўнік года» грунтоўна, за дапамогу дзякуе сваім калегам з другой гарадской школы. Ды і сам конкурс пакінуў толькі станоўчыя ўражанні. Асабліва важна, што работу педагога цэняць і заўважаюць. Гэта толькі дадае стараннасці.
Адкрыты ўрок праводзіў у гімназіі г. Хойнікі – заняткі баскетболам у 9 класе.

МарияМарыя РАДЧАНКА, настаўніца нямецкай мовы Казялужскай школы
Добрая, творчая, цярплівая

Нарадзілася на Брагіншчыне. А ў нашым раёне апынулася пасля таго, як выйшла замуж за хайнічаніна. Настаўнік – гэта яе мара дзяцінства, таму пасля заканчэння брагінскай школы сумненняў не было ў выбары прафесіі. Да гэтага часу яна з трапятаннем успамінае сваю першую настаўніцу Т.Ц. Прыходзька і настаўніка нямецкай мовы Р.М. Шаламаву. Марыя закончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, і вось ужо тры гады сее разумнае, добрае, вечнае.
Удзельнічаць у конкурсе «Настаўнік года» яе матывавала адміністрацыя школы, хаця яна і сама пастаянна імкнецца развівацца і расці прафесійна. Адкрыты ўрок праводзіла ў 8 класе СШ № 1 на тэму «Асноўныя пункты гісторыі Германіі пасля Другой Сусветнай вайны». Кожны яе ўрок вельмі займальны, таму што настаўнік укладвае ў яго душу. У сваёй працы Марыя больш за ўсё любіць зносіны з дзецьмі. А на пытанне аб любімым занятку, акрамя працы, тут жа адказвае – мая сям’я, мае дзеці.
Ёй падабаецца фантастыка, любімыя кнігі – Дж. Р. Р. Толкін «Уладар пярсцёнкаў», С. Цвэйг «Шахматная навэла», вельмі падабаецца творчасць М.В. Гогаля.

Падрыхтавалі Наталля ЧЭКАН, Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *