Суботняе жыццё гімназіі

Образование

IMG_4891Каб высветліць, чым займаюцца вучні ў шосты школьны дзень, мы наведаліся ў гімназію горада Хойнікі. З суботнім жыццём установы нас пазнаёміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Г.М. Груданава.
Пачалі экскурсію з бібліятэкі. Тут праводзілася віктарына «Скарбонка з казкамі» для вучняў малодшых класаў. Дарэчы, цікавы занятак тут можна знайсці на працягу ўсяго дня – бібліятэкар аб гэтым паклапоціцца. Далей накіраваліся ў спартыўную залу. Там традыцыйна па суботах да васьмі гадзін вечара праходзяць заняткі па розных відах спорту, але 21 студзеня на базе гімназіі праводзіліся раённыя спаборніцтвы па зімовым шматбор’і «Абаронца Айчыны». На першым паверсе спартзалы юнакі стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, а на другім – падцягваліся на высокай перакладзіне. Да слова, пераможцамі ў старэйшай узроставай групе сталі прадстаўнікі Стралічаўскай школы, у малодшай – каманда Судкоўскай школы.

IMG_4939У шосты школьны дзень абавязкова працуюць сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг і педагог-арганізатар. Яны праводзяць розныя мерапрыемствы, кансультацыі, рэпетыцыі.
Ідучы па калідорах гімназіі, мы адчынялі амаль кожныя дзверы (не ўсе, таму што ў некалькіх класах праводзілася рэпетыцыйнае тэсціраванне). І ўсюды дзеці былі заняты карыснай справай. «Тут вось праводзіць факультатыўныя заняткі па хіміі і біялогіі Валянціна Пятроўна Варановіч, а тут дадаткова займаецца з вучнямі настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Анатольеўна Лекаркіна. Гэта педагогі з вялікай літары, да іх заўсёды ходзіць вялікая колькасць школьнікаў», – каменціруе Галіна Мікалаеўна. І сапраўды, рабят, жадаючых папоўніць свае веды, было шмат.
Зайшлі ў кабінет інфарматыкі. Працуе ён да шасці гадзін вечара, і, мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, карыстаецца папулярнасцю.
IMG_4958Наогул у гімназіі кожная субота месяца тэматычная. Першая – гэта дзень сацыяльна значных ініцыятыў. Сумесна з раённым камітэтам БРСМ і раённай піянерскай арганізацыяй праводзяцца розныя акцыі, конкурсы. Гімназісты выступаюць у якасці валанцёраў, аказваюць дапамогу пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
IMG_4973Другая субота – дзень здароўя. У рамках яго арганізоўваюцца спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў залежнасці ад пары года. Трэцяя – прафарыентацыі. Асноўнай задачай дня з’яўляецца дапамога дзецям у вызначэнні будучай прафесіі. Мы якраз былі ў гімназіі ў трэцюю суботу месяца і трапілі на некалькі мерапрыемстваў пад агульным дэвізам «Справа майстра баіцца». Да прыкладу, вучні 5-6 класаў гулялі ў «Поле цудаў» – адгадвалі розныя прафесіі.
А чацвёртая субота – дзень духоўна-маральнага выхавання. У гімназію часта запрашаюцца царкоўнаслужыцелі, у прыватнасці, цесна наладжана супрацоўніцтва з настаяцелем праваслаўнага прыхода аграгарадка Храпкаў Канстанцінам.
Акрамя таго, па суботах працуе секцыя па настольнаму тэнісу і праводзяцца трэніроўкі ў трэнажорнай зале. Можна наведаць розныя гурткі па рукадзеллі. А яшчэ прадугледжана зручнасць для бацькоў – калі адбываюцца пераносы рабочых дзён, з 8.00 да 18.00 працуе дзяжурная група для дзяцей.
Відавочна, што ў гімназіі імкнуцца забяспечыць занятасць школьнікаў на працягу ўсяго дня. Выбар тут, як кажуць, на любы густ. «Толькі як усюды паспець?», – здзіўляюся я. Але Г.М. Груданава тлумачыць: «План работы па суботах пабудаваны так, што ўсе мерапрыемствы праводзяцца не паралельна, а па ланцужку. Такім чынам вучань можа ўзяць ад дня максімум карысці».

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *