Па-майстэрску валодаюць малой ракеткай

Спорт

У мінулую суботу ў спартыўнай зале Паселіцкай СШ-сада прайшлі спаборніцтвы па настольнаму тэнісу сярод каманд сельскіх і раённага выканаўчых камітэтаў. І трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі  па-майстэрску ўпраўляюцца з малой ракеткай.

У каманднай барацьбе перамагла дружына Стралічаўскага сельвыканкама, за якую выступалі Віталій Саркісян, старшыня Савета Валянціна Бельская і Дзмітрый Лапацін. Яны перамаглі ва ўсіх 6 сустрэчах і па праву сталі першымі.
Другое месца заняла каманда Паселіцкага сельвыканкама  на чале з яго старшынёй Людмілай Зелянкоўскай, трэцяе – тэнесісты Велікаборскага сельвыканкама. Далей месцы размеркаваліся так: Барысаўшчанскі сельвыканкам, Судкоўскі, раённы выканаўчы камітэт і Алексіцкі сельвыканкам.

У індывідуальным заліку сярод мужчын прызавыя месцы размеркаваліся гэтак жа, як і па выніках каманднай барацьбы: Віталій Саркісян (Стралічава), Эдуард Іванчыкаў (Паселічы) і Дзмітрый Харошка (Вялікі Бор).
Сярод жанчын мацнейшай стала Вера Вяргейчык (Барысаўшчына), другі вынік паказала  Святлана Цырулік (Судкова), трэці – Людміла Няволіна (райвыканкам).

Варта адзначыць выдатную арганізацыю спаборніцтваў  работнікамі нядаўна створанага Хойніцкага фізкультурна-спартыўнага клуба, РК БРСМ і аддзела па рабоце з моладдзю райвыканкама.
Усе паядынкі дарослых судзілі 8-класнікі Ілля Лапцеў, Арцём Анісенка, Мікалай Райляну і нават 5-класнік Віталій Цішкевіч. Пад началам, канешне, галоўных суддзяў спаборніцтваў Д.С. Дзядзіцкага і Э.П. Сялецкага.



Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *