Па шырокаму спектру пытанняў


У чацвер, 11 лістапада, на пытанні чытачоў “Хойніцкіх навін” адказвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В.  Бондар.

.Самай працяглай атрымалася размова з жыхаром в. Ліствін М.М. Амельчанкам. Раней Мікалай Міхайлавіч нямала папрацаваў у Паселіцкім сельскім Савеце, накапіў немалы вопыт работы з людзьмі, аднак зараз ён так і застаецца незапатрабаваным – не песцяць увагай М.М. Амельчанку цяперашнія работнікі Паселіцкага сельсавета, ніколі не пабывалі яны ў яго дома, не запыталіся аб праблемах і патрэбах. А яшчэ ўзняў жыхар Ліствіна пытанні аб чэках “Маёмасць” і вяртанні абясцэненых на пачатку 90-х гадоў ашчадных укладаў грамадзян былога СССР. Праўда, вырашэнне іх не ў кампетэнцыі мясцовай улады.

Жыхарка вёскі Дубровіца А.М. Чарненка паскардзілася на затрымкі ў разліках за здадзенае малако. Разабрацца ў гэтым даручана кіраўніцтву ПУП “Палескія сыры” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”.

.Задаволена калектыўная просьба жыхароў дамоў №№ 80, 82 і 84 па вул. Савецкай: Г.В. Бондар аператыўна звязалася з дырэктарам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкіным і той паабяцаў знайсці дворніка для ўборкі двароў гэтых дамоў.

.Узята на кантроль і пытанне аб правядзенні ямачнага рамонту дарожнага палатна па вул. Дзяржынскага і завулку ў бок Савецкай.

.Рамонт дарогі таксама патрэбен на вуліцы Настаўніцкай – з такой просьбай звярнуліся хайнічанкі Г.Ц. Праведная і Л.Ц. Кулеш. А яшчэ яны папрасілі знайсці магчымасць пусціць гарадскі аўтобус так, як ён хадзіў у час рамонту вул. Савецкай – з прыпынкам каля магазіна па вул. Пралетарскай. Пытанні гэтыя будуць вывучацца.

.Жыхары дамоў №№ 1 і 3 па вул. Тургенева скардзіліся на адсутнасць у кватэрах халоднай вады і дрэнную якасць вады, якую падвозяць у аўтацыстэрнах. Давядзецца ім пацярпець да заканчэння пракладкі новых водаправодаў па вул. Лермантава. А вось ваду падвозіць трэба ў  чыстых цыстэрнах. Адпаведнае даручэнне дадзена А.М. Клюкаўкіну.

.Пытанні, з якімі да Г.В. Бондар звярнуліся жыхарка вул. 60 камсамольцаў-падпольшчыкаў Л.А. Струняшава і І.М. Сіраж з вул. Паркавай, датычылі вулічнага асвятлення. Галіна Віктараўна патлумачыла, што на гэтых вуліцах, дарэчы, як і на вуліцы Садовай, устаноўлены новыя слупы, новыя ліхтары і працягнуты новыя лініі асвятлення. Але нядобрасумленная арганізацыя-падрадчык з-за межаў раёна і да гэтага часу не ўстанавіла дадатковага абсталявання, з-за чаго і не працуе асвятленне. Справа разглядаецца ў гаспадарчым судзе, будзем спадзявацца, што закончыцца яна на карысць КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, энергетыкаў прымусяць выканаць свае дагаворныя абавязкі па падключэнню святла на названых вуліцах горада.

.86-гадовая Н.Я. Жаўняк з Малішава пацікавілася льготамі, якія належаць вязням фашысцкіх канцлагераў. Улічваючы ўзрост жанчыны, старшыня райсавета дэпутатаў паабяцала, што дома ў Надзежды Якаўлеўны пабываюць спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і растлумачаць, што ёй належыць па закону.

.Звярнулася да старшыні райсавета жыхарка вёскі Віць Р.А. Мацвяйчук: жанчына здала на мясакамбінат дзвюх захварэўшых кароў і  мае права атрымаць у гаспадарцы нецеля. Аднак пытанне пакуль што не вырашана, а разабрацца з ім даручана начальніку райсельгасхарчу А.Р. Вараб’ю.

Усім, хто дазваніўся на “прамую лінію”, Галіна Віктараўна называла нумар свайго службовага тэлефона для таго, каб людзі маглі даведацца аб тым, як вырашаецца іх пытанне.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *