Не дзяліць на сваё і чужое


“Прамая лінія” з удзелам кіраўніка раёна А.В. Бічана адбылася 15 лістапада ў райвыканкаме.

Званіўшыя раіліся, задавалі пытанні Аляксандру Васільевічу па самых розных напрамках жыццядзейнасці. Адразу атрымлівалі адказы наконт працаўладкавання, спілоўвання дрэў-веліканаў на дваровых тэрыторыях, няўплаты аліментаў на дзяцей.

Цікавіліся, чаму памер зарплаты слесараў КСУП “Велікаборскі” не такі высокі, як ім бы хацелася? Адказ зразумелы  быў з сустрэчных пытанняў: “А чаму яны ўсе разам, слесары, больш за тры тыдні рамантуюць адзін “Амкадор”? А якая якасць і тэрміны выканання гэтай работы?”.  

Павінна ў абавязковым парадку вырашыцца пытанне газіфікацыі дома прыёмнай сям’і па вул. Савецкай, вось толькі тэрміны пакуль назваць немагчыма. Устаноўку катла ўключылі ў каштарыс расходаў у мінулым месяцы, фінансаванне прадугледжана адначасова з правядзеннем трэцяй чаргі газіфікацыі індывідуальных жылых  дамоў г. Хойнікі. Каб часова ацяпляць дом цвёрдым палівам, званіўшай А.Г. Камарэнка паабяцана прачысціць дымаход.

Наконт устаноўкі спадарожнікавых антэн на фасадах і на дахах шматкватэрных дамоў растлумачана, што гэта рабіць забаронена. Альтэрнатыва  – устаноўка з дазволу раённага архітэктара агульнай антэны, адной на пад’езд.
Есць праблема па асвятленню вул. Паркавай, Куйбышава, Камунальнай. Справа аб незавершанасці работы арганізацыямі-падрадчыкамі знаходзіцца ў Гаспадарчым судзе. Несумленныя выканаўцы абавязаны давесці распачатае да канца. 

Па вул. Кааператыўнай знесены дом, неахайныя жыхары ператварылі яго пляцоўку ў смеццязвалку. Цяпер яе трэба ўбіраць. Але каму? Зразумела, што “пастараліся” жыхары бліжэйляжачых дамоў, ніхто ж з іншых вуліц непатрэбнае туды не звозіў. Такія смеццязвалкі ствараюцца з маўклівага сузірання і згоды суседзяў. Давайце называць услых імёны парушальнікаў, а калі не, то і ўбіраць за імі самастойна… Тое ж датычыць і ўборкі падвала ў доме па вул. Калесніка, 17а. “Нерадзівы гаспадар высяляўся з кватэры, непатрэбнае знёс у падвал”, – паведамілі на “прамую лінію”. Усе ж бачылі, як ён гэта рабіў, а чаму маўчалі, своечасова не тэлефанавалі, каб прыняць меры?

Паабяцаў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, што адказныя службы прагрэйдзіруюць праезную частку вул. Спартыўнай, адрамантуюць вулічнае асвятленне і водаправодную калонку па вул. Шасэйнай у в. Храпкаў.

Наконт капрамонту жылых шматкватэрных дамоў растлумачана, што зрабіць яго па ўсіх маючых патрэбу і прычым адразу не пад сілу “Хойніцкаму камунальніку”. Каб паскорыць справу, рэкамендавана жыльцам дома па вул. Міру, 4, стварыць таварыства  ўласнікаў дома, каб кіраваць самастойна агульнай нерухомай маёмасцю шматкватэрнага дома, забяспечваць яго належнае захаванне, утрыманне і эксплуатацыю. 

Парадак і чысціню навесці ва ўсіх населеных пунктах раёна, вытворчых тэрыторыях, падтрымліваць іх на адрамантаваных і пабудаваных аб’ектах можна толькі калі жыхары Хойнікшчыны не будуць трымацца ў баку ад гэтай справы, дзяліць яе на сваё і чужое. Для хайнічан на Хойнікшчыне нічога чужога няма. І часцей за ўсё праблемы, намі ж і ствараемыя, лягчэй і хутчэй здымаюцца не па прад’яўленню скарг, а пры актыўным сумесным пошуку шляхоў іх вырашэння.



Ірына ЛУКАШЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *