Сярэбраныя прызёры

Спорт

У Светлагорску прайшоў адкрыты абласны турнір па міні-футболу памяці Юрыя Шутава “Светлагорскі падснежнік-2009”. Удзел у ім прынялі каманды падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх усіх раёнаў вобласці.

Пасля жараб’ёўкі ўдзельнікі раздзяліліся на 3 падгрупы, гульні ў іх праводзіліся па алімпійскай сістэме: у наступны этап праходзілі толькі пераможцы. У першай гульні хайнічане сустрэліся з прадстаўнікамі г. Жлобіна і прадэманстравалі ўсю сур’ёзнасць намераў: 7:0 на карысць нашых землякоў. У сустрэчы з камандай Буда-Кашалёва хайнічане атрымалі яшчэ адну бясспрэчную перамогу з лікам 11:0. Апошнюю сустрэчу ў падгрупе правялі з камандай Савецкага раёна г. Гомеля. І зноў перамога са значным адрывам ад сапернікаў – 7:2.

У фінале апаненты з Добруша не здолелі спыніць наступ хайнічан: лік пасля фінальнага свістка – 9:2. Гаспадарам турніру, мабыць, самі сцены дапамаглі: толькі адзін гол здолелі рэалізаваць хойніцкія юнакі, у свае вароты прапусцілі 3 мячы.

За час турніру хайнічане забілі 35 галоў. Лідэрам каманды, бясспрэчна, стаў Дзмітрый Барысенка, які рэалізаваў 14 удараў па варотах сапернікаў. Рыхтаваў юнакаў да спаборніцтваў настаўнік дзяржаўнай гімназіі В.П. Груданаў.

Самы прыемны момант турніру – узнагароджванне. Хайнічанам дасталіся Дыпломы другой ступені, сярэбраныя медалі і салодкі падарунак ад арганізатараў. Адзначаны і асабістыя дасягненні хойніцкіх юнакоў: лепшым бамбардзірам турніру прызнаны Дзмітрый Барысенка, лепшым галкіперам – Андрэй Васюк.

Паміж гульнямі выступалі юныя светлагорскія таленты. Мясцовая ваенная часць прыгатавала для жадаючых салдацкую кашу і чай.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *