Не скарыліся ў экстрэмальных умовах


Сельскагаспадарчы сезон 2010 года быў адным з самых складаных для працаўнікоў сельскай гаспадаркі нашага раёна. Больш чым двухмесячная засуха самым негатыўным чынам адбілася як на выніках работы ў галіне раслінаводства, так і ў жывёлагадоўлі.

Ты нем менш, і хлебаробы, і жывёлаводы рабілі ўсё для таго, каб мінімізаваць непазбежныя пры такім надвор’і страты. Яшчэ напярэдадні вясенняй пасяўной адбіралі насенне самай высокай якасці, своечасова праводзілі хімапрацоўку і падкормку пасеваў сельскагаспадарчых культур, задзейнічалі на палявых работах і нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка самую сучасную і высокаэфектыўную тэхніку.

І, дзякуючы прынятым мерам, у цэлым мы атрымалі дастойныя вынікі. Так, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых па раёну перавысіла 30 цэнтнераў з гектара – 30,3. А ў  КСУП імя Мележа, “Веляцін” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” яна была яшчэ вышэйшай: адпаведна па 33 у першых дзвюх гаспадарках і 32,1 ц/га ў “Аграсервісе”.

Агульны намалот склаў 27149 тон. Найбольш важкі ўклад унеслі эксбаза “Стралічава” (4925 т), КСУП “Судкова” (4708 т) і імя Мележа (4268 т).

Пэўныя дасягненні ёсць і ў справе нарыхтоўкі кармоў для грамадскага статка. Хаця сярэднераённы паказчык і ніжэй мінулагодняга (23,7 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы супраць 28,8 у 2009 годзе), аднак сельгаспрадпрыемствы “Судкова” (30,1 ц к.а.), “Велікаборскі” (25,5) і “Аравічы” (23,2) не знізілі яго ў параўнанні з мінулым годам і на зімоўку жывёлы закладзена дастатковая кармавая база.

За выдатную работу на жніве і касавіцы былі запрошаны на рэспубліканскія “Дажынкі-2010” у Ліду нашы механізатары Р.А. Сцішанок і Ю.П. Волкаў, вадзіцель Ф.С. Ефіменка ( усе з КСУП “Судкова”). А ва ўчарашніх абласных “Дажынках” у Мазыры прыняў удзел механізатар КСУП імя Мележа А.Ф. Рубан.

Цікавая сітуацыя склалася з вырошчваннем бульбы. Як вядома, сёлета, усё з-за той жа анамальнай спякоты ў нашай краіне, яна не парадавала паляводаў высокім ураджаем. Цэны на гэтую прадукцыю ўзраслі ў два разы і гаспадаркі, якія вырошчвалі “другі хлеб”, могуць застацца не ў накладзе пры яе рэалізацыі. Самы вялікі танаж атрыманы ў сельгаспрадпрыемствах “Аравічы” (903 тоны), “Судкова” (850 т) і “Стралічава” (683 т).

 Больш чым у мінулым годзе атрымана цукровых буракоў: 27659 тон супраць 26455 тон. Пастараліся паляводы сельгаспрадпрыемстваў “Судкова” (6440 тон), “Аравічы” (5889 т) і імя Мележа (5040 т).

У галіне жывёлагадоўлі мы таксама не апусціліся ніжэй узроўню мінулага года. Валавы надой за 10 месяцаў бягучага года склаў 20107 тон (за адпаведны перыяд 2009 г. – 19352 т), надой ад каровы – 3217 кг (3132 кг). Па вытворчасці малака лідзіруюць сельгаспрадпрыемствы імя Мележа (3856 т), “Веляцін” (3597 т) і “Аравічы” (3185 т).

Узраслі і сярэднясутачныя прывагі БРЖ на дарошчванні і адкорме. Па раёну за 10 месяцаў 2010 года гэты паказчык склаў 572 грамы, а за адпаведны перыяд мінулага года было 518 г (+54 г).
І толькі нязначнае падзенне атрымана па валавых прывагах БРЖ:  2263 т супраць 2279 т у 2009 годзе.

Усе гэтыя станоўчыя вынікі атрыманы дзякуючы сумленнай, стараннай і самаадданай працы людзей. Такіх як механізатары Р.А. Сцішанок і М.М. Кравец (КСУП “Судкова”), У.М. Савянок і Д.М. Каральчук (эксбаза “Стралічава”), А.М. Шчуцкі і І.І. Раманаў (КСУП імя Мележа), вадзіцелі Ф.С. Ефіменка (“Судкова”), В.В. Курожка (агракамбінат “Віць”), Б.Г. Кузьменка (КСУП імя Мележа), аператары машыннага даення кароў М.В. Штагер (КСУП “Аравічы”). З.Ц. Шкурко (КСУП “Веляцін”), А.А. Ушакова і Т.У. Шчогалева (агракамбінат “Віць”), аператары па адкорму буйной рагатай жывёлы Я.А. Цітараў (КСУП імя Мележа), В.Ц. Мікалаева (КСУП “Веляцін”).

Віншую іх, а таксама ўсіх работнікаў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў і перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна са святам і жадаю здароўя, дабрабыту, натхнення і аптымізму, новых поспехаў у іх высакароднай і нялёгкай працы.


 


А. ВАРАБЕЙ, начальнік раённага ўпраўлення сельскай  гаспадаркі і харчавання.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *