Сельскі актывіст з шахцёрскай загартоўкай


Вёска Стралічава ў нашым раёне ў дэмаграфічным сэнсе даволі ўнікальная. Пасля катастрофы на ЧАЭС, выкарыстаўшы сваё права на перасяленне, ў экалагічна чыстыя месцы адсюль выехала большая частка насельніцтва.  У той жа час сюды ў канцы мінулага стагоддзя прыехала вельмі многа сем’яў з краін былога СССР – Расіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана… Цяпер у гэтым населеным пункце пражывае 830 чалавек, 80 працэнтаў з іх складаюць менавіта прыбыўшыя сюды на пастаяннае месца жыхарства – людзі больш за 16 нацыянальнасцей, якія набылі на Хойнікшчыне другую радзіму і разам клапоцяцца аб яе росквіце.

Сям’я М. І. Ткачова, украінца па нацыянальнасці, пераехала ў Стралічава ў 1996 годзе з Луганскай вобласці Украіны.

–Там прайшло ўсё маё працоўнае жыццё, – гаворыць Мікалай Іванавіч. –  У юнацкім узросце пайшоў працаваць на шахту вучнем слесара, а закончыў сваю прафесійную дзейнасць і выйшаў на пенсію з пасады начальніка ўчастка. Шахцёрамі былі мой дзед, бацька, родныя і стрыечныя дзядзькі.

Шахцёрская загартоўка, ранейшы вопыт грамадскай працы праявіліся адразу ж пасля пераезду ў Стралічава. Працаваў некаторы час інжынерам па працаёмкіх працэсах у эксперыментальнай базе. Прынцыповасць пры вырашэнні вытворчых пытанняў, інтарэс да праблем жыццезабеспячэння былі адразу заўважаны. І на агульным сходзе вяскоўцы аднадушна выбралі Мікалая Іванавіча Ткачова сваім старастам.

… Ен зусім не тыповы сельскі пенсіянер: жвавы, энергічны, апранаецца ў спартыўным стылі. Такі вобраз старасты вельмі адпавядае сучаснаму абліччу самога Стралічава – чацвёртага аграгарадка, узведзенага на  Хойнікшчыне.

–  Мікалай Іванавіч унёс вялікі асабісты ўклад у справу дзяржаўнай важнасці, – зазначае старшыня Стралічаўскага сельвыканкома В.М. Бельская. – Ен узяў на сябе абавязкі па ўстаноўцы агародж. Да гэтай справы мы практычна не прыцягвалі прадстаўнікоў гарадскіх арганізацый і ўстаноў. Будматэрыяламі даручылі распараджацца  нашаму старасце. Калі людзі самі маглі абнавіць агароджу ля свайго дома, то ён ім выдзяляў штакетнік. Для таго ж, каму гэта было не пад сілу, устанаўліваў агароджу сам, далучыўшы да гэтага сваіх аднадумцаў і памочнікаў, найбольш актыўным з якіх лічыць загадчыка мясцовага СДК Аляксандра Васільевіча Раброва.




Дыплом за першае месца ў раённым спаборніцтве сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага кіравання знаходзіцца ў доме Мікалая Іванавіча Ткачова на відным месцы. Ен ганарыцца ўзнагародай і прэміяй і тым, што яго працу заўважылі і ацанілі.




З узвядзеннем аграгарадка для людзей створана пашыраная сфера абслугоўвання. Напрыклад, цяпер у Стралічава ёсць кафэ-бар “Вікторыя”, дзе могуць адпачыць людзі розных узростаў. Да развітой сферы паслуг трэба дадаць добраўпарадкаванне і сацыяльныя ўстановы. Аднак ёсць і адкрытыя пытанні парадку дня: жыллёвы камфорт, водаправод, развіццё вытворчасці. Ва ўсё ўнікае вясковы стараста. І не проста ўнікае, а дабіваецца станоўчага вырашэння.

М.І. Ткачоў многа працуе з неспрыяльнымі  сем’ямі, тлумачыць, што трэба не піць гарэлку, а працаваць і жыць дзеля сваіх дзяцей. Задаволены, што нейкія вынікі такой прафілактыкі ёсць. Так, вернуты дзеці з Барысаўшчанскага сацыяльнага прытулку сям’і Ліпко, значыць, ёсць надзея на тое, што бацькі выправіліся.

– У старасты павінна быць унутры закладзена патрэба дапамагаць людзям і атрымліваць ад гэтага задавальненне, – гаворыць пра сваю грамадскую пасаду Мікалай Іванавіч. – Я ні з кім не сваруся, а па-добраму раблю заўвагу. Напрыклад, прашу прадаўца магазіна не класці на падлогу прадукты або жыхароў вёскі прыбраць смецце на вуліцы, моладзь – тактоўна паводзіць сябе на дыскатэцы.

– Я цяжкасцей не баюся і заўсёды гатовы дапамагчы людзям, – падкрэслівае стараста. – А прэмію хачу перадаць у Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак, каб хоць крышку дапамагчы абяздоленым дзецям.

Гэтую ініцыятыву ўхвалілі і адобрылі жонка  Кацярына Васільеўна (дарэчы, малдаванка па нацыянальнасці), якая працуе рабочай зернеачышчальнага комплексу эксперыментальнай базы “Стралічава” і сын Мікалай, навучэнец ДПТВ-183.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *