Па другі бок экрана


 Як вядома, у цяперашнюю выбарчую кампанію Цэнтрвыбаркамам зарэгістравана 10 кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Для перадвыбарнай агітацыі ім прадастаўлена па 30 мінут бясплатнага эфіру. Выйшаўшы на вуліцы горада, карэспандэнт “ХН” папрасіў людзей адказаць на пытанні, ці глядзелі па тэлевізары перадвыбарныя прамовы кандыдатаў і што вынеслі з іх для сябе асабіста ў сувязі з прадстаячым выбарам?

С.Ф. Кашэдаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
–  На маё цвёрдае перакананне, нават самыя дэмакратычныя выбары павінны праходзіць у адпаведнасці з законам. І калі кандыдат у прэзідэнты парушае заканадаўства, запрашае выйсці на несанкцыяніраваны мітынг, то забывае, што ў грамадзян акрамя правоў ёсць і абавязкі, ёсць закон, які трэба захоўваць і паважаць. Тым самым лічыць, што закон для яго не пісаны. Як такому чалавеку можна даверыць лёс краіны?

А.М. Ходас, служачая:
– Я не глядзела па тэлевізары выступленні кандыдатаў, а слухала раніцой па радыё, збіраючыся на працу. Абураюся тым, што некаторыя кандыдаты на ўсю моц ахайваюць дзеючага Прэзідэнта, не зрабіўшы і кроплі для Беларусі. Абяцаць залатыя горы можа кожны, а вось прывесці людзей да заможнасці, росквіту, спакою дадзена толькі сапраўдным лідэрам, якія не толькі дасведчаны ў пытаннях эканомікі і палітыкі, але і душой хварэюць за свой народ.

В.А. Васюк, навучэнец ДПТВ-183:
– Тое, што абяцаюць некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты, у нас даўно ёсць. Маладыя людзі маюць магчымасць атрымліваць бясплатную адукацыю, самарэалізоўвацца ў прафесіі. Напрыклад, я паспяхова асвойваю спецыяльнасць майстра аддзелачных работ, пасля заканчэння вучылішча хачу атрымаць вышэйшую адукацыю. І чаму кандыдаты ў прэзідэнты пужаюць выпускнікоў ВНУ размеркаваннем у раёны, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС –  у Хойніках мы жывём, працуем, ствараем.

Н.У. Юрчанка, выхавальніца дзіцячага сада:
– Ні па радыё, ні па тэлевізары перадвыбарных прамоў кандыдатаў у прэзідэнты не слухала і не глядзела. Як маці, цаню тое, што нашы дзеці не нясуць службу ў “гарачых кропках”. Мой сын Максім, адслужыўшы ў Беларусі, зараз працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. За яго я спакойна, як, дарэчы, усе беларускія маці, чыім сынам прадстаіць прайсці воінскую службу.



Апытвала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *