Дысцыпліна – залог поспеху

Законнасць і парадак

У мінулую пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. Удзел у ім прыняў і выступіў старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гомельскай вобласці В.Л. СТАЛОВІЧ.

БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ
 Сёлета ў раёне выяўлена 28 карупцыйных злачынстваў. З іх работнікамі раённага спажывецкага таварыства здзейснена 10 злачынстваў. У ходзе размовы называліся вінаватыя, высвятляліся прычыны, па якіх стала магчыма супрацьпраўнае ўласнае абагачэнне. Па словах кіраўніка раёна А.В. Бічана, прафілактыка – вось галоўны рычаг папярэджвання падобных ганебных паводзін матэрыяльна адказных асоб у райпо. Сістэматычная вучоба кадраў, тлумачэнні мер адказнасці за дапушчаныя недастачы, крадзяжы, дакладнае вядзенне бухгалтарскага ўліку могуць паспрыяць навядзенню дысцыпліны – залогу поспеху ў працы.
Старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гомельскай вобласці В.Л. Сталовіч рэкамендаваў кіраўніцтву райпо праводзіць кропкавыя нечаканыя праверкі магазінаў у канцы рабочага дня – звяраць здаваемую выручку з фактычнай яе наяўнасцю ў касе. І пры выяўленні нават дробных недастач абавязкова  паведамляць аб гэтым у раённы аддзел унутраных спраў.
Яшчэ адна лазейка для нячыстых на руку прадаўцоў – прадастаўленне на падстаўных асоб тавараў у крэдыт. Сістэма кантролю тут не павінна даваць збояў. Раўняцца трэба на зладжаную работу банкаўскага крэдытавання, дзе кожная папера з пакета прадстаўленых дакументаў пераправяраецца. На вёсцы гэта зусім не складана зрабіць. Людзей усіх ведае старшыня сельсавета, праз яго або заехаўшы дамоў да чалавека можна даведацца, ці браў ён крэдыт.
У галіне сельскай гаспадаркі самае распаўсюджанае карупцыйнае злачынства – службовы падлог. Наш раён не выключэнне – 15 такіх злачынстваў здзейснена ў 2009-2010гг . Часцей за ўсё работнік, які складае або падпісвае справаздачу, ніякай уласнай выгады з гэтага не мае. Каб усё было прыгожа на паперы, думае, што ў адным месяцы прадаставіць завышаныя або заніжаныя звесткі, а ў наступных месяцах усё выраўняецца. Гэта чыстай вады самападман, бо тым самым ён здзяйсняе карупцыйнае злачынства. Але ж няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Яшчэ раз нагадаў старшыня райвыканкама А.В. Бічан: “Дысцыпліна і парадак на кожным працоўным  месцы – адзіны правільны шлях да станоўчых вынікаў у працы”.

ДЭБЮРАКРАТЫЗАЦЫЯ ОРГАНАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ
Другім пытаннем было разгледжана выкананне патрабаванняў па дэбюракратызацыі органаў дзяржаўнай улады і арганізацыі работы аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС  па заяўнаму прынцыпу “адно акно”.
За 10 месяцаў бягучага года 1242 грамадзяніна звярнуліся ў аддзел. Пры гэтым усе прадастаўляемыя працэдуры выкананы якасна і ў тэрмін.
Разам з тым, для змяншэння аб’ёмаў перапіскі на паперы кіраўнік раёна А.В. Бічан абавязковай задачай з наступнага года назваў начальніку аддзела Р.І. Каржанок наладжванне электроннага дакументаабароту з КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і з філіялам Гомельскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Пасіўнымі ў гэтым плане нельга быць, жыць трэба ў нагу з часам.

ЗА ПАРАДАК НА ЗЯМЛІ        
 У ходзе выканання раённага плана мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў Хойніцкага раёна за 10 месяцаў 2010 года і даручэнняў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.М. Бамбізы па прывядзенню ў належны стан унутрыгаспадарчых      кар’ераў, міні-палігонаў, зон і месц адпачынку, іншых аб’ектаў у раёне ажыццяўляецца комплекс арганізацыйных мер па павышэнню выканаўчай дысцыпліны кадраў, стымуляванню актыўнасці насельніцтва, моладзі па іх удзелу ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
З пачатку года ўзарана і ўключана ў гаспадарчы абарот 12 гектараў земляў у ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Праведзена рэкультывацыя ўнутрыгаспадарчага кар’ера КСУП “Аравічы” на плошчы 0,2 га ў в. Барысаўшчына, участак перададзены ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” для лесагаспадарчай дзейнасці. У сувязі з аптымізацыяй міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў у сельскіх населеных пунктах 23 лістапада райвыканкамам прынята рашэнне аб перадачы земляў “Хойніцкага камунальніка”  сельгаспрадпрыемствам “Судкова”, “Аравічы”, “Веляцін” агульнай плошчай 1,95 га. Работу ў гэтым напрамку трэба працягваць.
Адна з праблем – арганізацыя збору і вывазу камунальных адходаў з гаражных масіваў, якія не пераўтвораны ў гаражныя кааператывы. Таксама праблематычна саначыстка населеных пунктаў, дзе ўтвараюцца несанкцыяніраваныя смеццязвалкі, дапускаюцца парушэнні КЖУП “Хойніцкі камунальнік” па ўтрыманню міні-палігонаў.
У ходзе пасяджэння ўвага кіраўнікоў звернута на безумоўнае выкананне плана па збору другасных рэсурсаў, у першую чаргу макулатуры.
Дырэктару “Хойніцкага камунальніка” А.М. Клюкаўкіну пастаўлена задача прапрацаваць пытанне запуску новай лініі па перапрацоўцы другаснай сыравіны. 



Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *